У Гродзенскай вобласці летась распачалі 384 крымінальныя справы «экстрэмісцкай» накіраванасці
У краіне не спыняюцца рэпрэсіі. Толькі ў Гродзенскай вобласці ў 2025 годзе распачалі 384 крымінальныя справы з палітычных прычын. Пра «экстрэмізм» у вобласці «Гродзенскай праўдзе» распавёў першы намеснік пракурора вобласці Яўген Шчарбак.
«Найперш мы разглядаем экстрэмізм як рэальную небяспеку для стабільнасці дзяржаўных інстытутаў. Толькі за 2025 год следчыя органы распачалі 384 крымінальныя справы экстрэмісцкай накіраванасці, у суды накіравана 68 спраў у дачыненні да 71 чалавека (65 мужчын і 6 жанчын).
З 2020 года ў суды перададзена ўжо 606 такіх крымінальных спраў, а 148 асоб цяпер знаходзяцца ў вышуку», — расказаў Шчарбак.
Паводле яго слоў, летась пракуратура Гродзенскай вобласці таксама накіравала ў суд 156 заяў аб прызнанні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі — усе яны задаволеныя.