У Баварыі паліваюць дарогі агурковым расолам. Навошта?
Праект, які стартаваў яшчэ ў 2019 годзе, аказаўся такім паспяховым, што яго маштабы толькі пашыраюцца.
У гарадах Баварыі выкарыстоўваюць агурковы расол для барацьбы з галалёдам. Пілотны праект запусцілі яшчэ ў 2019 годзе, і ён аказаўся выгадным для ўсіх — у першыя гады расолу хапала на апрацоўку прыкладна 1500 км дарог, што зэканоміла прыкладна 700 кг дарожнай солі, піша DW.
Пастаўшчыком для мясцовых камунальнікаў стаў завод вытворчасці марынаванай гародніны пад Мюнхенам. Падчас кансервавання агуркі на час апускаюць у расол — пасля гэтага яго ўтылізуюць. На заводзе задумаліся, як можна выкарыстоўваць агурочны расол паўторна.
Сумесныя з Мінтрансам Баварыі выпрабаванні паказалі, што расол выдатна спраўляецца з лёдам, калі павялічыць канцэнтрацыю солі.
Зараз з 1000 тон расолу атрымліваецца каля 1100 тон антыабледзяняльніка. Ён дзейнічае пры тэмпературах да -18°C.
У 2024 годзе да праекта далучыўся і аэрапорт Мюнхена. Расолам апрацоўваюць пероны і дарожкі каля аэрадрома. Для ўзлётна-пасадачных палос яго выкарыстоўваць нельга, бо соль не можа кантактаваць з самалётамі і абсталяваннем.