Башкартастан купіць у Беларусі яшчэ 9 зуброў
Кіраўнік Башкартастана Радзій Хабіраў паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што гэты расійскі рэгіён плануе прывезці з Беларусі яшчэ 9 зуброў. Яны будуць каштаваць 10,2 мільёна расійскіх рублёў (каля 379 тысяч беларускіх). На гэтыя грошы Дырэкцыя па прыродных тэрыторыях пад асаблівай аховай рэспублікі купіць жывёл для развядзення.
Зубры ў Башкартастане. Фота: t.me/radiyhabirov
Хабіраў падкрэсліў, што праект не носіць забаўляльнага характару, а служыць важнай дзяржаўнай задачы — захаванню біялагічнай разнастайнасці. Са слоў чыноўніка, праз гэтую акцыю Башкартастан «аддае даўгі прыродзе». Ён дадаў, што ўмовы ў рэспубліцы для развядзення зуброў вельмі спрыяльныя.
Праект развядзення белавежскіх зуброў у Башкартастане вядзецца з 2023 года. На сёння колькасць жывёл дасягнула 25 галоў, у тым ліку 8 цялят, якія нарадзіліся ўжо ў рэспубліцы. Мясцовыя ўлады спадзяюцца, што да 2030 года колькасць зуброў павялічыцца да 50 асобін.
Чытайце таксама:
У Башкартастан завязуць яшчэ 18 беларускіх зуброў
У Расію адправілі яшчэ дзевяць белавежскіх зуброў