Галоўны апанент Орбана прызнаўся, што ўляпаўся ў сэкс-скандал. «Класічны кампрамат расійскага тыпу»
Петэр Мадзьяр зразумеў па паводзінах былой дзяўчыны, што іх сэкс пасля партыйнай вечарынкі быў запісаны на відэа.
Balint Szentgallay/NurPhoto via Getty Images
Лідар венгерскай апазіцыі Петэр Мадзьяр папярэдзіў, што стаў ахвярай «класічнага кампрамату расійскага тыпу» і невядомыя людзі, звязаныя, з ягоных слоў, з кіроўнай партыяй і спецслужбамі, рыхтуюцца апублікаваць нібыта кампраметуючае інтымнае відэа з ягоным удзелам. Пра гэта Мадзьяр распавёў у звароце, апублікаваным у яго сацсетках у чацвер, піша Deutsche Welle.
Як распавёў палітык, 2 жніўня 2024 года яго партыя «Павага і свабода» (TISZA) арганізавала вечарыну для прыхільнікаў, пасля якой яго былая дзяўчына Эвелін Фогель запрасіла яго на іншую хатнюю вечарыну, і ён пагадзіўся.
А пятай раніцы яны прыехалі ў кватэру, дзе, як распавядае Мадзьяр, знаходзіліся незнаёмыя яму людзі, а на стале быў алкаголь і рэчывы, падобныя на наркотыкі.
«Я не дакранаўся да прадметаў на стале. Наркотыкі я не ўжываў. Праз некалькі хвілін мы з Эвелін прайшлі ў пакой і ўступілі ў добраахвотныя сэксуальныя адносіны», — распавёў палітык.
Паводле яго слоў, пазней па паводзінах Эвелін і шантажу яму стала відавочна, што ён стаў ахвярай «кампраметуючай аперацыі».
Свой зварот Мадзьяр апублікаваў пасля таго, як СМІ звярнулі ўвагу на вэб-сайт, які намякаў на хуткае раскрыццё інфармацыі аб нейкім інцыдэнце. На сайце былі размешчаны кадры з пакоя з двухспальным ложкам і надпіс «Хутка».
Мадзьяр сцвярджае, што за кампраматам стаяць людзі, звязаныя з прэм'ерам Віктарам Орбанам. «Я не дазволю Віктару Орбану і яго людзям тыднямі адцягваць увагу ад рэальнасці з дапамогай містыфікацыі. Вам не дапамогуць ні расейскія спецслужбы, ні плынь фальшывых відэа», — заявіў ён.
Кіраўнік адміністрацыі Орбана Гергелі Гуляш, адказваючы напярэдадні на пытанне аб вэб-сайце, сказаў журналістам: «Я не магу каментаваць тое, пра што нічога не ведаю». Прэс-сакратар урада Орбана Золтан Ковач не адказаў на пытанні Reuters, адпраўленыя па пошце.
У Венгрыі 12 красавіка адбудуцца парламенцкія выбары. Правацэнтрысцкая партыя Мадзьяра «Павага і свабода» (TISZA) апярэджвае кіроўную партыю прэм'ер-міністра Віктара Орбана «Фідэс» у большасці апытанняў.