БЕЛ Ł РУС

Шалёныя штрафы і праца нон-стоп: беларусы расказалі пра пякельныя ўмовы на складах Wildberries і Ozon

14.02.2026 / 18:34

Nashaniva.com

12‑гадзінныя змены, холад у памяшканнях і штрафы, якія з’ядаюць заробак, гаруюць людзі, якія не маюць выбару.

Фота ілюстрацыйнае

«Хто-небудзь працуе або працаваў на складзе WB ці Ozon у Мінску? Ці варта ўвогуле?» — з гэтага пытання пачаўся адзін з пастоў у Threads. За некалькі дзён пад ім сабраліся дзясяткі каментароў. Хтосьці піша пра цяжкія 12‑гадзінныя змены, хтосьці — пра холад у памяшканнях і штрафы, якія з’ядаюць заробак. Як высветлілася, такія ўмовы працы характэрныя не толькі для Мінска.

Праца на складах маркетплэйсаў у Беларусі выглядае як адна з самых даступных. У вакансіях, якія можна знайсці на сайтах з пошукам працы, фігуруюць шырокія вілкі заробку: у Мінску абяцаюць каля 1500—5000 рублёў у месяц, у рэгіёнах — прыкладна 500—4000 рублёў. У аб’явах пазначана штотыднёвая выплата і магчымасць працаваць без досведу. У абавязках — прымаць, упакоўваць і сартаваць тавары. 

Склады WB пад Мінскам: «умовы ніякія», усё на хуткасць, а штрафы — як пастаянны фон

Беларусы, якія працавалі на складах Wildberries пад Мінскам, шмат распавядаюць пра штрафы і залежнасць заробку ад тэмпу працы.

«Умовы ніякія, адчуванні на Шчоме (склад у Шчамысліцы. — НН) такія, быццам ты пад наглядам турэмшчыка адбываеш тэрмін. Штрафы можна звесці да мінімуму, калі працаваць акуратна і па рэгламентах. Але тады моцна прасядзеш у заробку, бо там усё працуе на хуткасць», — піша адна з карыстальніц.

Іншая каментатарка з Мінскага раёна апісвае свой досвед:

«Каб атрымліваць хаця б 2000 рублёў, трэба знаходзіцца там 24/7. Калі выходзіць чыста на пяцідзёнку — максімум заробіш каля 1000, і вельмі энергазатратна. Штрафы ёсць, і іх шмат (у асноўным неабгрунтаваных)».

Некаторыя згадваюць пра холад у складскіх памяшканнях і доўгія змены:

«На складзе вельмі халодна, вароты на загрузку пастаянна адкрытыя на вуліцу. У сярэднім навічок можа зарабіць каля 100 рублёў за 12‑гадзінную змену».

«Мяне хапіла на месяц. Скажу адкрыта: праца дрэнь. Абяцаюць залатыя горы, а па факце ў штрафах як у золаце. Бясконцыя пастаўкі, трэба разбіраць вельмі хутка. Хамства, абыякавае стаўленне. Калі зменшчык захварэў — будзеш жыць на працы, бо замяніць няма кім. І графік не 12 гадзін — бывае і 14, і 16», — піша адзін з удзельнікаў абмеркавання.

«Першы месяц не штрафуюць. Я якраз і звольнілася пасля месяца працы. Аплата вельмі маленькая. За 9 гадзін бесперапыннай працы ўсяго 70 рублёў», — распавядае беларуска пра ўмовы працы на складзе ў Хацежыне.

Яшчэ адзін часты матыў — «свабодны графік» толькі на словах: у каментарах сцвярджаюць, што пасля выхаду на працу высвятляецца патрэба ў больш жорсткім рэжыме (кшталту 2/2), інакш «месца аддадуць іншаму».

Склад WB у Брэсце: «Зарабіла 200 рублёў, са штрафамі выйшла мінус 85»

У Threads разгарнулася таксама абмеркаванне ўмоў працы на складзе Wildberries у Брэсце. Адна з каментатарак адзначае, што за праверку могуць плаціць каля 20 капеек за адзінку, але адначасова:

«Там лётаюць штрафы за кожную дробязь. Калі дадатак лагуе — з цябе здымаюць грошы, і не дакажаш, што віны тваёй няма. Не заўважыў брак — з цябе здымаюць суму гэтага тавару. У выніку праца ў мінус, нават пры вельмі старанным падыходзе».

Іншая ўдзельніца абмеркавання згадвае, што спачатку заробак выплачвалі штотыдзень, але потым пачалі ляцець штрафы:

«Прыйшла са сваімі завушніцамі — штраф, пярсцёнак на пальцы — штраф, не заўважыў брак — штраф. На складзе вельмі халодна. Пасля першай зарплаты пайшла ў мінус і два тыдні працавала, каб выйсці ў нуль».

Гісторый пра штрафы даволі шмат:

«Працавала месяц нядаўна. Першыя два тыдні яшчэ больш-менш, а потым паляцелі штрафы: спачатку невялікія, з кожнай зменай больш і больш. У выніку зарабіла 200 рублёў і павінна была іх атрымаць, але іх спісалі і яшчэ штраф прыйшоў — выйшла мінус 85. Звольнілася», — пішуць у сацсетках. 

Склады Ozon: строга, фізічна цяжка, але больш прадказальна

У тых жа дыскусіях карыстальнікі параўноўваюць Wildberries з Ozon. Некаторыя з іх сцвярджаюць, што ў Ozon таксама доўгія змены і фізічна цяжкая праца, але сістэма выглядае больш прадказальнай.

«Працую на Ozon у штаце, умовы больш-менш. Значна лепш, чым на ВБ. У аўтсорса 100—140 рублёў змена 12 гадзін, чатыры перапынкі: тры па 10 хвілін і 30 хвілін на абед. На склад без упрыгожванняў, тэлефонаў і г.д. Але старшыя на змене нармальныя, людзі адэкватныя, усё падкажуць», — пішуць у каментарах.

«З плюсаў: мінімальны кантакт з людзьмі, грошы на наступны дзень. З мінусаў: за тавар прыходзіцца біцца, штрафы ў асноўным за няўважлівасць (у мяне больш за 450 рублёў штрафаў у месяц не было), 12 гадзін на нагах бегаць туды-сюды. Калі выбіраеш вялікі склад, гэта наогул самазабойства, там вельмі цяжка», — распавядае іншая карыстальніца.

Іншыя водгукі з адкрытых сайтаў з водгукамі пра працу таксама апісваюць Ozon як фізічна цяжкую працу:

«Работа аднастайная, але стабільная. Інструкцыі ёсць на ўсё, зарплату плацяць своечасова».

Пры гэтым згадваюць строгі кантроль і высокую нагрузку:

«Фізічна цяжкая праца, шум, высокая цякучка навічкоў, строгія правілы».

У параўнанні з Wildberries карыстальнікі часам фармулююць розніцу так:

«На Wildberries штрафы шалёныя. На Ozon іх менш, але ўмовы таксама строгія».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула