У Дзень святога Валянціна абрынулася знакамітая Арка закаханых у Італіі
14 лютага, у Дзень святога Валянціна, у Італіі абрынуўся адзін з самых вядомых прыродных сімвалаў кахання — Арка закаханых у мясцовасці Фаральёнэ Сан-Андрэа на ўзбярэжжы Салента.
«Арка закаханых» у Фаральёнэ Сан-Андрэа да і пасля здарэння. Фота: lecce.corriere
Унікальная каменная арка з карставага вапняку, якую на працягу многіх гадоў фармавалі воды Адрыятычнага мора, была папулярнай турыстычнай адметнасцю. Аднак з-за моцных дажджоў і марской эрозіі яна не вытрымала і сімвалічна абвалілася менавіта на сусветнае свята ўсіх закаханых.
Для жыхароў і ўладаў гэта стала сапраўдным шокам. Мясцовы мэр Маурыцыа Чыстэрніна назваў падзенне аркі балючым ударам для ўсёй мясцовай супольнасці і адзначыў, што разам з ёй знік адзін з самых пазнавальных сімвалаў не толькі гэтага ўзбярэжжа, але і ўсёй Італіі. Ён падкрэсліў неабходнасць больш актыўных захадаў па захаванні прыроднай спадчыны рэгіёна.
Непагадзь нанесла шкоду і іншым участкам узбярэжжа. У раёне так званых прыродных басейнаў у Трыказе таксама ўзнікла небяспека абвалаў. У сувязі з гэтым улады забаранілі купанне і рыбалку на небяспечных тэрыторыях.
Кіраўніцтва рэгіёна Апулія паабяцала падтрымку мясцовым уладам. Было заяўлена, што ўжо ёсць сродкі для барацьбы з эрозіяй і апоўзнямі, а таксама плануецца шукаць дадатковае фінансаванне для абароны ўзбярэжжа.
Прадстаўнікі рэгіянальнай улады адзначылі, што страта аркі — гэта не толькі знікненне прыроднага аб’екта, але і страта часткі калектыўнай памяці. Яны звярнулі ўвагу на тое, што змены клімату і ўсё часцейшыя экстрэмальныя з’явы надвор’я паскараюць разбуральныя працэсы, таму патрэбныя пастаянны кантроль і прафілактычныя меры.
Геолагі таксама б’юць трывогу: больш за палову ўзбярэжжа Апуліі знаходзіцца пад пагрозай эрозіі, а ў рэгіёне зафіксаваныя сотні апоўзняў, якія закранаюць дзясяткі тысяч людзей. Спецыялісты падкрэсліваюць важнасць маніторынгу стану глебы, даследаванняў і інфармавання насельніцтва дзеля захавання прыроды і бяспекі жыхароў.