Польшча рыхтуе пазоў аб рэпарацыях да Расіі за савецкі перыяд
Расследаванне гістарычных злачынстваў Расіі вядзецца па даручэнні прэм'ер-міністра Дональда Туска.
Польшча рыхтуе патрабаванне рэпарацый да Расеі за злачынствы, учыненыя ў перыяд савецкага ўплыву, паводле аналогіі з патрабаваннем €1,3 трлн кампенсацыі ад Германіі за злачынствы Другой сусветнай вайны, піша Financial Times. Расследаванне гістарычных злачынстваў Расіі вядзецца па даручэнні прэм'ер-міністра Дональда Туска.
Дырэктар Інстытута вайсковых страт імя Яна Карскага Барташ Гондэк заявіў, што расследаванне ў дачыненні да Расеі будзе «больш маштабным», чым праца па Германіі паколькі СССР кантраляваў Польшчу на 40 гадоў даўжэй.
Гондэк адзначыў, што ў каманды гісторыкаў больш цяжкасцяў з расследаваннем савецкага перыяду — польскія гісторыкі не маюць доступу да сакрэтных расійскіх архіваў, а многія дакументы былі фальсіфікаваныя або знішчаныя ў савецкі час.
Дэпутат Еўрапарламента ад правай апазіцыйнай польскай партыі «Права і справядлівасць» (PiS) Аркадыюш Муларчык, які ініцыяваў патрабаванні да Германіі ў 2022 годзе, заявіў, што ягоная партыя заўсёды планавала вылучыць патрабаванні да Расіі пазней.
Аднак ён абвінаваціў Туска ў тым, што той «цынічна здабывае палітычную выгаду», патрабуючы рэпарацыі ад Расеі, каб адцягнуць увагу ад стагнацыі ў перамовах з Берлінам.