БЕЛ Ł РУС

У Брэсце дзесяцікласнік-кадэт скончыў жыццё самагубствам

17.02.2026 / 19:13

Nashaniva.com

У Брэсце здарылася трагедыя: загінуў вучань 10 класа сярэдняй школы № 35. Паводле паведамленняў у сацсетках, падлетак скончыў жыццё самагубствам. Перад смерцю ён нібыта пакінуў запіску, у якой згадваў прозвішчы аднакласнікаў.

СШ №35 Брэста. Фота: yandex.com

Трагедыя, паводле папярэдніх звестак, адбылася ў сярэдзіне лютага. Прычынай магло стаць цкаванне ў школе.

У каментарах пад інфармацыяй у сацсетках аб трагедыі людзі пішуць, што пра здарэнне ўжо ведаюць вучні і бацькі.

«Мая дачка вучыцца ў 35-й, у іх уся школа гудзіць ад гэтай навіны. Вельмі шкада бацькоў хлопца», — напісала адна з каментатарак.

Іншыя дадаюць дэталі.

«Хлопчык, 10 клас, у 35‑й школе вучыўся, кадэцкі клас. Саскочыў з 20‑га паверха, перад гэтым у агульны чат школы пакінуў цыдулку з усімі прозвішчамі крыўдзіцеляў», — сцвярджаюць у каментарах.

«Скокнуў з даху. Нібыта булінг. Пакінуў запіску, дзе згадаў многіх, у тым ліку класную», — пішуць у абмеркаваннях.

На момант публікацыі афіцыйных каментароў ад дзяржаўных органаў няма.

Мы патэлефанавалі ў адміністрацыю школы і пад выглядам занепакоеных бацькоў пацікавіліся, што адбылося.

— Вам няма чаго хвалявацца, — стомленым голасам адказала намесніца дырэктара па навучальнай працы і перапыніла размову.

Ва ўпраўленні адукацыі Маскоўскага раёна Брэста «Люстэрку» пацвердзілі, што па дадзеным факце праводзіцца праверка. 

Тым часам бацькі школьнікаў у чатах просяць адміністрацыі навучальных устаноў правесці размовы з дзецьмі і педагогамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула