БЕЛ Ł РУС

Гэты спартсмен самы хуткі на лёдзе. Эксперты бачаць яго будучыню і ў веласпорце

18.02.2026 / 08:00

Антось Жупран

Амерыканскі канькабежац Джордан Штольц, які стаў адным з галоўных герояў зімовай Алімпіяды, тэарэтычна мог бы зрабіць кар’еру і ў прафесійным веласпорце. З падрабязнасцямі знаёміць The Wall Street Journal.

Джордан Штольц. Фота: AP Photo / Ben Curtis

21‑гадовы канькабежац з Вісконсіна (ЗША) Джордан Штольц ужо выйграў на Алімпійскіх гульнях два залатыя медалі і працягвае паляванне на новыя ўзнагароды. У Мілане, як піша WSJ, ён упэўнена б’е алімпійскія рэкорды і разбурае надзеі галандцаў — нацыю, для якой канькабежны спорт лічыцца амаль святыняй.

Аднак у спартыўных колах усё часцей гучыць іншая тэма: што было б, калі б Штольц змяніў лёд на асфальт і паспрабаваў сябе ў прафесійным веласпорце?

Гэта не пустая фантазія. Штольц сур’ёзна трэніруецца на ровары: у міжсезонне ён выкарыстоўвае яго для шматгадзінных трэніровак на вынослівасць. На алімпійскіх арэнах ровар — звычайная з’ява: канькабежцы размінаюцца, аднаўляюцца пасля стартаў і накручваюць лёгкія кіламетры менавіта на іх.

Два віды спорту маюць даўнюю гісторыю ўзаемапранікнення: і канькі, і веласпорт патрабуюць выбуховай магутнасці, інтэнсіўных высілкаў, здольнасці цярпець боль, а таксама гатоўнасці мірыцца з бытавымі нязручнасцямі — у тым ліку з вузкімі ложкамі ў еўрапейскіх гатэлях.

Прыклады пераходу з лёду на асфальт ужо былі. Найбольш вядомы — легендарны амерыканец Эрык Хайдэн, якога лічаць адным з найлепшых канькабежцаў у гісторыі. Пасля трыумфу на зімовай Алімпіядзе 1980 года ў амерыканскім Лэйк-Плэсідзе ён далучыўся да каманды 7‑Eleven у 1980-я, выйграў нацыянальны чэмпіянат ЗША, фінішаваў на «Джыра д’Італія» і нават стартаваў на «Тур дэ Франс».

Алімпійскі чэмпіён-канькабежац Эрык Хайдан святкуе перамогу на фінішы адной з галоўных прафесійных шасэйных велагонак у ЗША CoreStates. Фота: AP Photo / George Widman, File

Хайдэн мяркуе, што Штольц цалкам мог бы паспрабаваць сябе ў новым амплуа: «У яго ёсць усе фізічныя здольнасці», — цытуе яго выданне.

Сам Штольц ідэю не адкідвае. Пасля перамогі на дыстанцыі 500 метраў, якая прынесла яму другое золата гэтай Алімпіяды, ён прызнаўся, што «не супраць быў бы паспрабаваць» і мяркуе, што мог бы добра выступіць на раўнінным этапе. Летась падчас «Тур дэ Франс» ён нават агучыў свае пікавыя паказчыкі — ад 2100 да 2300 ват. Гэта ўражлівыя лічбы: яны пераўзыходзяць максімумы, якія дэманструюць чатырохразовы пераможца «Тур дэ Франс» Тадэй Пагачар і найлепшыя спрынтары свету.

Не дзіва, што такія словы выклікалі цікавасць у кіраўнікоў веласпорту. Генеральны дырэктар і прэзідэнт нацыянальнай федэрацыі веласпорту ЗША USA Cycling Брэндан Квірк жартуе: калі б у алімпійскім спорце існавала «трансфернае акно», Штольца ўжо б падпісалі.

На яго думку, гаворка ідзе пра «спартсмена пакалення»: аэробная база, магутнасць і эфектыўнасць пад нагрузкай у яго такія, што фізіялагічны пераход у веласпорт мог бы адбыцца амаль аўтаматычна. Да таго ж Штольц ужо даказаў псіхалагічную ўстойлівасць, здольнасць цярпець дыскамфорт і паказваць вынік у вырашальныя моманты.

Ёсць і фінансавы аспект. Веласпорт мае глабальны маштаб, і хаця большасць гоншчыкаў зарабляе сціпла, найбуйнейшыя зоркі могуць атрымліваць мільёны.

Кіраўнік амерыканскай прафесійнай велакаманды EF Pro Cycling, якая выступае ў найвышэйшым дывізіёне WorldTour і рэгулярна ўдзельнічае ў «Тур дэ Франс», Джонатан Вотэрс таксама прызнаў, што «падумаў бы» пра такога кандыдата. Яго каманда раней ужо разглядала магчымасць працы з канькабежцамі.

Аднак пры росце 185 см і вазе каля 82 кг Штольц выглядае не самым тыповым кандыдатам для барацьбы на горных этапах. На крутых і працяглых пад’ёмах, дзе перавагу маюць лёгкавагавікі, яму было б цяжка канкураваць. Затое ў аднадзённых гонках і спрынтах — дысцыплінах, дзе вырашае магутнасць, — яго шанцы выглядалі б значна вышэйшымі.

Сам Штольц прызнаецца, што хацеў бы выступаць менавіта ў аднадзённых спрынтах, бо шматдзённыя туры здаюцца яму занадта доўгімі і знясільваючымі.

Джордан Штольц. Фота: AP Photo / Luca Bruno

Галоўная перашкода — не столькі фізічныя даныя, колькі здольнасць адаптавацца да хаосу пелатона. Адна справа — трэніравацца ў невялікай групе, і зусім іншая — у апошніх кіламетрах змагацца за пазіцыю локцем у локаць з больш як сотняй элітных гоншчыкаў, якія нясуцца на хуткасці да 80 км/г.

«Пелатон — складаная рэч», — прызнае Вотэрс. На яго думку, у выпадку пераходу Штольцу варта было б спачатку прайсці школу моладзевых гонак у катэгорыі U23, каб набрацца досведу перад выступамі на найвышэйшым узроўні.

Квірк, у сваю чаргу, мяркуе, што карысным шляхам маглі б стаць трэкавыя гонкі на веладроме — менавіта з іх калісьці пачынаў і Хайдэн. Веладром, як і крыты канькабежны каток, дае магчымасць асвоіць тактыку, пазіцыянаванне і адчуванне гонкі ў больш кантраляваных умовах.

Зрэшты, гэты сцэнар можа так і застацца тэарэтычным. Штольц ужо стаў адной з галоўных фігур сучаснага канькабежнага спорту, а яго алімпійскія поспехі толькі павялічаць сусветную вядомасць і патэнцыйныя даходы.

Былы прафесійны велагоншчык Крысціян Вандэ Вельдэ адзначае, што пачынаць у новым відзе спорту ўжо дарослым няпроста ні для каго — асабліва калі ў апошніх пяці кіламетрах даводзіцца змагацца за пазіцыю на хуткасці 60 км/г. І ўсё ж, на яго думку, паглядзець на такі эксперымент было б надзвычай цікава.

Пакуль гэта толькі гіпотэза. Але калі самы хуткі чалавек на каньках калі-небудзь вырашыць перасесці на ровар, у свеце веласпорту ягоны крок дакладна не застанецца незаўважаным.

Чытайце таксама:

Канькабежка з Нідэрландаў прыляцела на Алімпіяду прыватным джэтам, заваявала золата і стала сэкс-сімвалам Гульняў

На Алімпіядзе ў Мілане выступаюць маці і сын — упершыню ў гісторыі! Для яе гэта ўжо сёмыя гульні

Фанаты Тэйлар Свіфт абрынуліся з крытыкай на Іллю Малініна пасля правалу на Алімпіядзе

Каментары да артыкула