БЕЛ Ł РУС

Беларус заснаваў у Варшаве музычную школу і памёр. Цяпер школа пад пагрозай

17.02.2026 / 22:25

Nashaniva.com

У Варшаве ў снежні 2025 года раптоўна памёр беларус Аляксандр Кавальчук — заснавальнік школы ўдарных інструментаў Hit&Beat. Ён позна даведаўся пра цяжкі дыягназ — рак страўніка — і спадзяваўся прайсці лячэнне, таму не паспеў перадаць нікому доступ да рахункаў, дакументаў і важнай інфармацыі. Цяпер школа вымушаная ў спешцы аднаўляць дакументацыю і ўжо сутыкнулася з пагрозай выселення: арэндадаўца скасаваў дамову і знайшоў новага наймальніка памяшкання, піша Most.

Надпіс «Дапамажыце. Школу хочуць закрыць» на будынку Hit&Beat. Фота з архіва школы

Аляксандр Кавальчук, вядомы ў музычным асяроддзі як Алекс Хіт, прыехаў у Польшчу ў 2018 годзе. Спачатку ён дапамагаў прадпрымальнікам-эмігрантам асвойвацца ў новай краіне, праводзіў навучальныя сустрэчы, а прыкладна праз два гады адкрыў школу барабанаў.

З часам гэта школа стала не проста адукацыйным праектам, а творчай супольнасцю, якая аб’яднала дарослых і дзяцей, палякаў і эмігрантаў. Для многіх перасяленцаў школа стала месцам хутчэйшай адаптацыі. Тут таксама займаліся людзі з аўтызмам і некалькі вучняў з сіндромам Даўна. Акрамя заснавальніка, у школе працавалі яшчэ двое выкладчыкаў.

У лістападзе 2025 года Аляксандр пачаў адчуваць моцнае недамаганне, хутка схуднеў. Спачатку ён думаў, што гэта звычайныя праблемы са страўнікам, але абследаванне паказала анкалагічнае захворванне. Яго шпіталізавалі, правялі першыя працэдуры і ненадоўга адпусцілі дадому. Пазней мужчына зноў вярнуўся ў клініку, аднак хвароба ўжо была ў цяжкай стадыі. 18 снежня 2025 года Аляксандр памёр ва ўзросце 39 гадоў.

Напярэдадні ён размаўляў з братам, які жыве ў Беларусі і з’яўляецца саўладальнікам адной з яго кампаній. Магчыма, Аляксандр мог перадаць яму важную інфармацыю, але, відаць, усё ж разлічваў паправіцца і не паспеў гэтага зрабіць.

Пасля смерці цела перавезлі ў Беларусь, а школа пачала аднаўляць дакументы. Высветлілася, што дамовы з вучнямі захоўваліся толькі ў заснавальніка, таму супрацоўнікам давялося апытваць людзей, каб аднавіць спісы і разлікі. Цяпер пацверджана не менш за 50 дзейных дамоў.

Дадатковай праблемай стала арэнда памяшкання на вуліцы Шведскай (Szwedzka). Яно належыць прыватнаму Медыцынскаму ўніверсітэту імя Марыі Складоўскай-Кюры. У снежні арэндадаўца накіраваў апавяшчэнні аб аплаце, але Аляксандр ужо не паспеў іх атрымаць.

Пакуль у судовым рэестры не былі аформленыя змены ў кіраўніцтве, прадстаўнікі школы не маглі афіцыйна атрымаць інфармацыю. Пасля ўнясення зменаў высветлілася, што дамова ўжо скасаваная, а памяшканне перададзена новаму арандатару. Па словах прадстаўнікоў школы, гэта зроблена з парушэннем умоў, бо дамову можна было скасаваць толькі праз шэсць месяцаў пасля паведамлення.

Вызваліць памяшканне школе загадалі 12 лютага 2026 года — у дзень, калі Аляксандру споўнілася б 40 гадоў. Па словах прадстаўніцы школы, арэндадаўца адмаўляецца ад асабістых сустрэч і камунікуе толькі па электроннай пошце. У памяшканні ўжо замянілі замкі і пашкодзілі дзверы, таму была выклікана паліцыя, а матэрыялы перададзеныя ў пракуратуру.

Вучні школы падрыхтавалі петыцыю з патрабаваннем наладзіць адкрыты дыялог з арэндадаўцам, урэгуляваць фінансавыя пытанні, забяспечыць пераходны перыяд для выканання дзейных дамоваў і дазволіць школе працягнуць працу. У тэксце петыцыі адзначаецца, што раптоўнае скасаванне дамовы без абмеркавання і часу на пераезд разбурае сфармаваную супольнасць, яе традыцыі і культурную місію.

Чытайце таксама:

Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча выйграў тэндар на права арэнды ранейшага будынка

На беларускай гімназіі ў Вільні напісалі «Рукі прэч ад Скарынаўкі». Кірыліца далася цяжка

Мэр Вільні патлумачыў, што зменіцца для беларускай гімназіі пасля ўвядзення абавязку дзецям іншаземцаў хадзіць у літоўскамоўныя школы

У Вільні малыя дзеці замежнікаў будуць хадзіць толькі ў літоўскамоўныя школы. Але для беларускамоўнай гімназіі зробяць выключэнне

Каментары да артыкула