У Даніі выдалі першы пашпарт замежніка грамадзянцы Беларусі без статуса ўцекача
Праца вялася два гады.
У Даніі выдалі першы пашпарт замежніка грамадзянцы Беларусі без статусу ўцекача. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Народныя амбасады Беларусі» са спасылкай на асацыяцыю «Талака — Сябры Беларусі ў Даніі»:
«У нас выдатная навіна: пасля двух гадоў настойлівай і інтэнсіўнай працы ў Даніі першы замежны пашпарт (fremmedpas) быў выдадзены грамадзянцы Беларусі! Гэтая падзея стала важнай вяхой як для беларускай супольнасці ў Даніі, так і асабліва для беларусаў, якія па палітычных прычынах не могуць звяртацца да ўладаў Беларусі. Выдача дакументу стала вынікам маштабнай супольнай працы групы актывістаў Талакi. Істотную ролю адыграла падтрымка Святланы Ціханоўскай і яе Офіса, а таксама ўвага з боку дацкіх уладаў і дзяржаўных інстытуцый», — паведамляюць «Народныя амбасады».
Зазначаецца, што асаблівае значэнне мелі заявы міністра замежных спраў Даніі Ларса Лёке Расмусена. Важным фактарам таксама стала ўдзел Амбудсмана дацкага парламента Крысціяна Брытэна Лундблада.
Да працэсу актыўна далучыліся прадстаўнікі дацкіх палітычных партый, у тым ліку члены Moderaterne, SF і Venstre — Ліберальнай партыі Даніі. Асабліва важную падтрымку выказала група салідарнасці SF, якая ўзнімала пытанні абароны правоў беларусаў у Даніі.