БЕЛ Ł РУС

«За прыгнёт беларускага народа і за тое, што ён крадзе будучыню ў беларусаў». МЗС Украіны заклікала партнёраў узмацніць ціск на Лукашэнку

18.02.2026 / 14:58

Nashaniva.com

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга звярнуўся да міжнародных партнёраў аб узмацненні ціску, каб рэжым Аляксандра Лукашэнкі адчуў адэкватны адказ за злачынствы супраць украінскага і беларускага народаў. Пра гэта гаворыцца ў заяве МЗС.

Андрэй Сібіга. Фота: МЗС Украіны

Як растлумачыў Сібіга, сённяшнія санкцыі супраць Лукашэнкі і яго рэжыму з’яўляюцца адпаведнай, неабходнай і адэкватнай рэакцыяй на гібрыдныя пагрозы і пагрозы бяспецы, якія ён уяўляе для Украіны і астатняй Еўропы.

Міністр нагадаў, што рэжым у Мінску з’яўляецца саўдзельнікам злачынства агрэсіі Расіі супраць Украіны, бо Лукашэнка «прадаставіў беларускую тэрыторыю для нападу і працягвае дапамагаць Маскве ў яе генацыднай вайне супраць Украіны — рэсурсамі, кампанентамі, матэрыяламі, абыходам санкцый і нават сістэмай рэтрансляцыйных станцый для кіравання ўдарнымі дронамі».

«Мы заклікаем партнёраў рушыць за нашым прыкладам і забяспечыць, каб Лукашэнка адчуў адэкватны ціск за свае злачынствы разам з Пуціным, за яго прыгнёт беларускага народа і за тое, што ён крадзе магчымасці і будучыню ў пакаленняў беларусаў», — падкрэсліў Сібіга.

Паводле слоў кіраўніка МЗС, ва Украіне вераць у еўрапейскую будучыню беларускага народа пасля таго, як ён вызваліцца ад прыгнёту Лукашэнкі.

«У будучыні мы будзем гатовыя прыняць дэмакратычную Беларусь у фармаце Люблінскага трохвугольніка разам з Польшчай і Літвой. Беларусь належыць Еўропе, а не «рускаму свету»», — дадаў Сібіга.

18 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зеленскі заявіў аб прымяненні санкцый супраць беларускага Лукашэнкі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула