БЕЛ Ł РУС

Гэтага фатографа ведаюць усе беларускія тусоўшчыкі. І яму рэспектаваў Пазняк. Пагутарылі з Johnny Cosmic

25.02.2026 / 14:47

Уля Залеская

Айцішнік, якога ўспрымаюць найперш фатографам, магілёвец, якога лічаць сталічным дэндзі, закаханы ў музыку меламан, чалавек, які штодзень носіць у торбе камеру і некалькі кілаграмаў канвертаў са здымкамі беларусаў — Івана Смаляра (Johnny Cosmic) без перабольшання можна назваць хранікёрам тусовачнага Мінска, а цяпер і беларускай эміграцыі ў Варшаве.

Нядаўна сябры арганізавалі да яго 34-годдзя персанальную сакрэтную выставу ў Варшаве — гэта стала чарговай добрай гісторыяй пра тое, якімі салідарнымі могуць быць беларусы, калі заходзіць гаворка пра жаданне аддзячыць і падтрымаць.

Псеўданім Johnny Cosmic з’явіўся ў Івана з часу рэгістрацыі акаўнта ў інстаграме — хлопец першапачаткова думаў быць Johnny Space, але такі юзернэйм ужо быў заняты. Так ці інакш, пасля таго, як яго фотаздымкі сталі апісваць словамі «проста космас», усё сышлося. Фота з імпрэзы тут і далей: Руслан Серадзюк

Пагутарылі з ім пра розніцу беларускіх тусовак у Мінску і ў эміграцыі, алкаголь і дэпрэсію, cуайчыннікаў, якія забараняюць іх здымаць, Зянона Пазняка і Марыю Калеснікаву, прычыны пераезду за мяжу і фота мары.

«Фатаграфуеш, дорыш здымкі — як бы дзякуеш за тое, што дапамагаюць не звар’яцець»

«Я хадзіў да розных спецыялістаў, у мяне быў досвед і групавой і індывідуальнай тэрапіі — і гэта ўсё супер. Але так атрымалася, што менавіта выстава зрабіла мяне самым шчаслівым чалавекам у свеце, падзяліла жыццё на «да» і «пасля». Я плакаў некалькі дзён і не мог спаць ад хвалі эмоцый: мая першая персанальная выстава, якую мне падарылі. Я ж спіну пасля ўсяго гэтага выпрастаў рэальна! І цяпер магу ваду праз экраны зараджаць. Калі здараецца тое, пра што ты і марыць не мог, здаецца, што цяпер увогуле ўсё магчыма», — шчыра дзеліцца Ваня.

Толькі частка здымкаў з персанальнай выставы Johnny Cosmic. 

Ужо трэці тыдзень запар з ранку да вечара Іван засядае (можна сказаць, нават жыве) у варшаўскай кавярні Community Cup — менавіта тут беларусы-ўладальнікі прасторы дазволілі гасцінна правесці фота-трыб’ют Johnny Cosmic да 27 лютага.

Дзве тысячы здымкаў запоўнілі прастору кавярні пад столлю так, нібыта яны былі тут з моманту адкрыцця. На іх — твары вельмі розных беларусаў: артыстаў, пісьменнікаў, вядоўцаў, палітыкаў, журналістаў, трэнераў…

«Я цяпер узяў адпачынак — атрымліваецца такі дзень народзінаў даўжынёй у месяц. Абажаю дні народзінаў, цяпер яшчэ і свой таксама. Усё жыццё я выразна раздзяляў: у мяне ёсць адукацыя і прафесія праграміста, а фатаграфія была хобі, аддушынай, якая мне дапамагала не з'ехаць з глузду. Кодзіш свой код, а пасля ідзеш некуды адпачываць, расслабляцца, сустракаеш там выдатных людзей — фатаграфуеш іх, потым дорыш ім здымкі — як бы дзякуеш за тое, што яны дапамагаюць не звар’яцець. А на наступны дзень зноў ідзеш у офіс».

Фатаграфія захапляла Ваню заўсёды: усё пачалося з бацькоўскай стужкавай мыльніцы. На камеру ён здымаў усё запар з зайздроснай рэгулярнасцю. Гэтак жа — з галавой — ён зачараваўся і камп’ютарам, атрымаўшы яго на дзень народзінаў ад хроснага.

«Я хадзіў у Магілёве на праграмісцкія курсы, дзе мы вывучалі Паскаль. Камп’ютар — гэта была любоў з першага погляду, і неяк аўтаматам было зразумела, што за гэтым будучыня, што гэта можна зрабіць прафесіяй. Пра фатаграфію мне ніхто не расказваў у такім кантэксце, хоць ва ўсіх былі фотаальбомы, усе вакол праяўлялі стужкі».

У партфоліа — партрэты Бі-2, Міхалка і беларускай апазіцыі

Іван скончыў БДУІР, а ў 2017 годзе ўпершыню пачаў браць у арэнду прафесійную тэхніку — каб нарэшце выбраць нешта сваё. З тым перыядам звязаная гісторыя, якая добра характарызуе экстравертны і прабіўны бок магілёўца.

«У Falcon Club два дні запар ладзілі канцэрты — у першы дзень выступаў Mumiy Troll, на другі — спявачка LP, якую я вельмі люблю. Мне ўсе казалі, што проста так мяне туды з камерай не пусцяць, і было сапраўды страшна ісці, бо якраз у той перыяд у «Рэпабліку» збілі фатографа (ім, як я пасля высветліў, быў Руслан Серадзюк). Але мяне прапусцілі!

Я спакойна адздымаў Іллю Лагуценку, да мяне нават падышла адна з менеджарак, папрасіўшы пасля падзяліцца здымкамі, што я ўспрыняў вельмі добрым знакам, мы абмяняліся кантактамі. Але на канцэрце LP я так, відаць, разышоўся — здымаў ля самай сцэны, — што да мяне падышла ахова. Мяне спыталі, хто я такі, я паспрабаваў выкруціцца і згадаў учорашнюю менеджарку — маўляў, яна мяне паклікала здымаць. Ахоўнік пайшоў спытаць, ці так гэта, а я ў гэты момант хутка пакаваў арэндную тэхніку, думаючы: хай робяць што заўгодна са мной, але толькі не чапаюць фотаапарат, бо ён каштаваў шалёных грошай».

У выніку з Іванам абышліся чалавечна, проста акрэсліўшы, што здымаць усім дазволілі выключна першыя тры песні.

Прабівацца ў найлепшыя закуткі залі і нават у грымёркі да артыстаў далей дапамагалі знаёмыя, якіх Іван досыць хутка заводзіў на розных сталічных імпрэзах. Так ён зрабіў партрэт Сяргея Міхалка (на апошні кадр стужкі), здымаў «Молчат дома», Святаслава Вакарчука, Naviband, Nizkiz, Івана Дорна, Луну, Манетачку і Noise MC, а таксама, напрыклад, канцэрты, Макса Каржа, Red Hot Chili Peppers, Ігі Попа і The Weeknd.

Сяргей Міхалок

Naviband і Бі-2

Nizkiz

Мае ўласны «спіс Ар’і Старк» з «Гульні тронаў»

Johnny кажа, што амаль ні з кім у яго не ўзнікала праблем у камунікацыі, аднак ёсць у яго ўсё ж уласны «спіс Ар’і Старк» з «Гульні тронаў» — людзей, якія адмовілі яму пры сустрэчы на прапанову зрабіць партрэт.

«У гэтым спісе, напрыклад, вялікі блогер, вялікі рэстаратар і вялікі фатограф. Але ўсё роўна я іх аднойчы здыму!» — агучвае жартаўлівую пагрозу Іван.

За тысячы тысяч разоў апускання затвора камеры, здаралася, герой нарываўся на агрэсію і пагрозы, але, кажа, да фізічных сутычак ніколі не даходзіла.

«Аднойчы ў Мінску, яшчэ ў бары «Эль Пушка», я выцягнуў руку з мыльніцай уверх і зрабіў групавы здымак — успышку пабачылі ўсе. І адразу нейкі мужык, што цалаваў жанчыну на падваконні (яўна не жонку), рэзка напружыўся. Ён падыходзіў да мяне з вельмі агрэсіўным настроем, але ён быў настолькі п’яны, што я адразу зразумеў, што ён не зможа зрабіць мне балюча. У выніку ён папрасіў паказаць фотку і выдаліць, і вельмі расстроіўся, што нічога з гэтага немагчыма, бо я здымаў на стужку».

Фатограф стаў заўсёднікам мінскіх модных установаў і прызнаецца, што візіты не абыходзіліся без выпіўкі, але з 1 студзеня 2025 года хлопец не ўжывае алкаголь.

«У мяне ёсць любімы жарт, што з алкаголем я паступіў гэтак жа, як з барадой: калі любіш — адпусці. Алкаголь проста не прыносіў нічога добрага (прытым што ў мяне ніколі не было пахмелля). Я па пстрычцы пальцаў завязаў, зразумеў, што ўсё, больш не хачу».

Пры гэтым, калі вызначаць галоўнага беларускага тусоўшчыка, Ваня сам дагэтуль можа прэтэндаваць на месца лідара.

«Так натуральным чынам атрымліваецца, бо я абажаю музыку, таму часта наведваю канцэрты. Я абажаю людзей, таму наведваю месцы іх зграмаджэння».

Любоў да музыкі праяўляецца і ў жаданні авалодаць інструментамі — яшчэ ў школе Іван хадзіў на ўрокі гітары ў магілёўскі Палац піянераў, пазней вучыўся граць на піяніна, а ўжо ў Варшаве наведваў майстар-клас для бубначоў

«Я нічога не адкладваў, нават да заробку мог часам нешта пазычыць»

Іван прызнаецца, што на фатаграфію (асабліва да эміграцыі) спускаў абсалютна ўсе грошы, якія заставаліся пасля аплаты арэнды кватэры на Плошчы Перамогі.

«Я нічога не адкладваў, нават да заробку мог часам нешта пазычыць. Таму ў мяне не было ні кватэры, ні машыны, але менавіта па гэтай жа прычыне і эміграваць было прасцей».

Космік з’ехаў з Беларусі восенню 2022 года пасля таго, як пачаліся праблемы ў тых, хто засвяціўся ў кнізе з плакатамі пратэстаў-2020 «Я выходжу».

«Майго партрэта там не было, але былі зробленыя мной здымкі. Але нават калі б не было гісторыі з той кнігай, я б усё роўна ў выніку з’ехаў, бо ў Беларусі нібыта знікла ўсё, што складала маё ранейшае жыццё. Людзі найперш. Ды і з працай момант: я, канечне, атрымліваў класныя прапановы ў IT, але быў адзін нюанс: гэта былі кампаніі з Рашкі. У Варшаве ж я магу спрабаваць праходзіць суразмоўі ў тым жа «Гугле», тут больш прафесійных магчымасцяў. Плюс без канцэртаў бы я не змог: у эміграцыі некалькі разоў пабываў на Верцы Сярдзючцы, пад якую я ў дзяцінстве скакаў», — тлумачыць Ваня.

«Дарэчы, адна з самых слезацечных фраз, якая мне прыляцела пасля выставы: «Мінску шкада, што гэта здарылася не там». Гэта сапраўды вельмі сумна. І вакол вельмі шмат сумнага. Аднак дзякуючы атачэнню я магу сказаць: сваімі фота, якія я дару людзям, я паказваю, што ўсё не так ужо і дрэнна. Я, напрыклад, сфатаграфаваў Мікіту Найдзёнава (вядоўца і паэт, былы палітвязень — НН) у Мінску да яго затрымання — там ён пасміхаецца. І на здымках з Варшавы ён таксама пасміхаецца. Жыццё працягваецца».

У 2020-м, не маючы акрэдытацыі, Ваня здымаў увесь асноўны палітычны варушняк. На яго погляд, салідарнасць 2020 года — найлепшае, што здаралася з беларусамі з таго, што ён бачыў на свае вочы.

Сярод іншага Іван перавёз з сабой партрэты Марыі Калеснікавай і Святланы Ціханоўскай, якія ён аддаў ім літаральна на днях — праз амаль шэсць гадоў. За гэты час абедзве жанчыны перажылі шмат — Святлана эміграцыю і жыццё з дзецьмі без мужа, палітычны рост, Марыя — гады калоніі, так што іх фота — сапраўдны гістарычны дакумент.

Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава на фота Івана ў 2020 годзе

«Апошняя наша сустрэча з Машай была ў Мінску на жаночым маршы. І калі б мне тады сказалі, што наступным разам я пабачу яе ў Варшаве праз пяць гадоў турмы… Яна пасміхалася аднолькава — і тады, перад натоўпам на праспекце, і выходзячы з аўтобуса, на якім іх прывезлі з Украіны пасля дэпартацыі».

Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава на фота Івана ў 2025 годзе

Праблем з міліцыяй і АМАПам фатограф у тыя гарачыя часы здолеў пазбегнуць.

«Я насамрэч вельмі баязлівы чалавек у гэтым плане. І як толькі бачыў, што нехта недзе едзе, адразу прымаў рашэнне: мы туды не ідзём. Страшна таму што», — прызнаецца суразмоўца.

Ужо ў эміграцыі Космік зрабіў здымак Зянона Пазняка на маршы ў гонар Дня Волі. Яго высока ацаніў сам палітык, паклікаўшы Івана на сустрэчу, на якой падарыў таму дзве аўтарскія кнігі з аўтографам і подпісам «Шаноўнаму фотамайстру Івану».

Палітык Зянон Пазняк праз аб’ектыў Івана Смаляра

«Пазняк — гістарычная персона. І для мяне сапраўды было вялікім гонарам сфатаграфаваць яго ды яшчэ так, каб яму спадабалася. Усё ж ён таксама фотамастак».

«Фотамара — зрабіць партрэт для Святланы Ціханоўскай і для Уладзіміра Зяленскага»

«Выглядае так, што калі я цяпер буду шукаць новую працу ў айці, мне будзе складана, бо яшчэ больш людзей пачалі ўспрымаць мяне як фатографа. Як быццам я і сам ужо не маю права сказаць, што я не фатограф», — дзеліцца Джоні.

Ваня кажа, што не можа вызначыцца з нейкім адным жанрам, у якім мог бы сябе прэзентаваць.

«Чалавек, які бачыў мяне ў бары, лічыць мяне барным фатографам. Той, хто сустрэў на канцэрце — музычным фатографам. Чалавек, які адзін раз у жыцці паклікаў мяне ў студыю, думае, што я партрэтнік. А мне проста падабаецца здымаць! І я б здымаў усё! І на вяселлі мяне клікалі, і рэпартажы былі, і фотаздымкі прадуктаў на сайт. А нядаўна я першы раз у жыцці здымаў пару, якая чакае дзіця — афігенна ж!»

Сярод яго фотамараў — зрабіць партрэт для Святланы Ціханоўскай і для прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Хутка ў фатографа запрацуе персанальны сайт, на якім можна будзе больш падрабязна азнаёміцца з яго партфоліа і цэнамі. Пасля выставы ён зараджаны і на большыя планы.

«Цяпер падаецца, што і другая выстава магчымая. І кніжка. І паштоўкі трэба нарэшце пачаць выпускаць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула