Калеснікава не будзе ўдзельнічаць у выбарах у КР — у якой сакратаром няспынна працуе бабарыканец Краўцоў
Яна лічыць, што для таго, каб прадстаўляць інтарэсы беларусаў, неабавязкова быць дэлегаткай Каардынацыйнай рады.
Марыя Калеснікава. Фота: Kay Nietfeld picture alliance via Getty Images
Марыя Калеснікава не плануе ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду. Пра гэта яна расказала ў эфіры Deutsche Welle, адказваючы на пытанні гледачоў.
Калі ж глядач заявіў, што ў такім выпадку ў яе няма права прадстаўляць інтарэсы беларусаў, Калеснікава парыравала: «Я паважаю гэтае меркаванне, але ніхто не будзе мне казаць, што і як рабіць. Я сама вырашаю, як дзейнічаю і камунікую з людзьмі. Я называю сябе палітычнай актывісткай».
Выбары ў Каардынацыйную раду 4 склікання запланаваныя на май 2026 года. На гэты момант у ёй фактычна не прадстаўленыя бабарыканцы — прыхільнікі Віктара Бабарыкі.
Пры папярэднім галасаванні ў адзін з выбарчых спісаў уваходзіў Іван Краўцоў, аднак яго пазіцыя аказалася занадта нізкая, каб трапіць у КР як дэлегат.
Аднак яго абралі як сакратара — Краўцоў займае гэту пасаду ўжо некалькі скліканняў запар. Ён арганізоўвае арганізацыйна-тэхнічнае і фінансавае забеспячэнне дзейнасці Каардынацыйнай рады.