БЕЛ Ł РУС

«Гігабайты скончыліся, ляжыць відэа». Беларусы дзеляцца, ці хапае ім мабільнага інтэрнэту пасля абмежаванняў

25.02.2026 / 17:00

Nashaniva.com

З 23 лютага ў Беларусі пачалі абмяжоўваць хуткасць інтэрнэту на тарыфах з безлімітным трафікам. Беларусы актыўна абмяркоўваюць, ці хопіць ім выдзеленых 30 гігабайтаў на месяц і як выглядае інтэрнэт на запаволенай хуткасці.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Паводле Мінсувязі, парог на 30 гігабайтаў на месяц перавышаюць толькі 15% карыстальнікаў мабільнага інтэрнэту. 

Карыстальнік МТС з Гомеля, які піша, што ў яго ўжо скончыліся 30 гігабайтаў хуткаснага інтэрнэту, дзеліцца назіраннямі: сацсеткі грузяцца нармальна, але відэа нават у якасці 480р ляжыць.

«Паглядзела статыстыку, за 30 дзён дзесьці 62 ГБ, так што гэтых 30 у найлепшым выпадку на два тыдні хопіць. Але цяпер і так хуткасці ніякія, што будзе пасля заканчэння гэтых 30 гігоў, нават не магу ўявіць», — піша жанчына.

«Спаліў 30 гігоў за 2 дні. Хуткасць жудасная на 1Мбіце. Перайшоў на самы танны тарыф на А1 і падключыў пакет «безліміту» за 19 рублёў (цяпер ён на акцыі за 16). Але хуткасць фігня ўсё роўна. Прасадкі шалёныя часам ніжэй за 1Мбіт», — скардзіцца яшчэ адзін мужчына.

Хтосьці дзеліцца, што за мінулы месяц выкарыстаў 24 гігабайты, таму ў прынцыпе гэтае абмежаванне яго не закранае.

Іншая дзяўчына наогул піша, што яе тарыф утрымлівае 10 гігабайтаў трафіку і ёй гэтага хапае.

Але такія ашчадныя не ўсе.

Мужчына піша, што толькі за палову дня ў яго сышоў 1 Гб. Іншая каментатарка дадае, што за дзень скарыстала 5 гігабайтаў.

Скрыншот з Threads

Яшчэ адна каментатарка спажывае каля 18‑19 гігабайтаў мабільнага інтэрнэту.

Апроч абмежаванняў на 30 Гб, пасля якіх інтэрнэт стане працаваць павольней, людзі актыўна абмяркоўваюць сам факт таго, што якасць інтэрнэту ў Беларусі і без гэтага пагоршылася яшчэ летась.

«Ведаеце, у мяне і так на А1 ён быў поўнае га*но, так што як быццам ніякай розніцы не адчуваю», — скардзіцца абанентка А1. «На МТС таксама га*но», — супакойвае абанент МТС.

«Лайф. Было жудасна, стала яшчэ горш», — дадае трэці.

Таксама некаторыя карыстальнікі пішуць, што дзеля эканоміі пачалі дома прынцыпова карыстацца Wi-Fi і пры гэтым заўважаюць, што нават у такім рэжыме трафік паціху знікае.

Праўда, адбываецца гэта не праз тое, што аператар у нечым падманвае. Так працуе функцыя «Дапамога Wi-Fi», якая падключае мабільны інтэрнэт, калі Wi-Fi пачынае дрэнна працаваць.

Шукаюць і іншыя лайфхакі, як зменшыць спажыванне мабільнага інтэрнэту.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула