БЕЛ Ł РУС

«Ці можна абмяняць на Кардаш?». Жонка ўкраінца, выкрадзенага 11 гадоў таму ў Данецку, расказала пра мужа

25.02.2026 / 13:07

Nashaniva.com

Цывільныя закладнікі — адна з найменш бачных ахвяраў расейскай вайны супраць Украіны. Алег Шэвандзін — адзін з іх: увесну 2015 года ўкраінца выкралі расейскія вайскоўцы на акупаваным Данбасе. З таго часу ягоная жонка Ларыса жыве ў няспыннай барацьбе за яго вяртанне.

Алег Шэвандзін. Фота з асабістага архіва Ларысы

Яна падзялілася з «Белсатам» успамінамі пра тое, як пачыналася акупацыя Данецку, калі яна бачыла апошні раз мужа і што ёй дае сілы далей нагадваць свету пра яго.

«Паехаў па маму і абяцаў хутка вярнуцца»

Муж Ларысы — Алег Шэвандзін — вядомы спартовы дзеяч, прэзідэнт федэрацыі у-шу Данецкай вобласці, прадпрымальнік і ганаровы грамадзянін гораду. Увесну 2015 года ён быў выкрадзены расейскімі вайскоўцамі на акупаванай тэрыторыі Данбасу. З таго часу пра ягоны лёс няма афіцыйнай інфармацыі: Алег лічыцца зніклым без вестак і застаецца ў спісах на абмен.

Да вайны сям’я жыла ў Данецку, пасля акупацыі пераехала ў Дэбальцава — спадзяваліся, што гэта ненадоўга. Але горад трапіў пад жорсткія абстрэлы, кватэры былі зруйнаваныя, бацькоў давялося тэрмінова вывозіць. Спроба вярнуцца па маці ў канцы красавіка — пачатку траўня 2015‑га стала для Алега фатальнай: на блокпосце яго затрымалі байцы спецпадраздзялення, надзелі яму мяшок на галаву і кайданкі, а пазней яго абвясцілі «ўкраінскім шпіёнам». Праз некаторы час жонцы паведамілі, што ім займаецца ФСБ.

З украінскага боку справай Алега цяпер займаецца Каардынацыйны штаб у пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі. Акупацыйны бок так званай «ДНР» калісьці пацвярджаў, што Алег быў у Данецку, але цяпер адказвае, што «ўдакладняе месцазнаходжанне». Кейс Алега называюць «нязручным»: захоплівала яго не «МДБ ДНР», а расейскія вайскоўцы, якіх тады «афіцыйна не было».

Перад выездам да маці Алег звязаўся з былым падначаленым — дырэктарам дэбальцаўскага Палаца спорту — каб удакладніць сітуацыю ў горадзе і шлях заезду. Пазней высветлілася, што гэты чалавек перадаваў інфармацыю расейскім вайскоўцам і паведаміў ім пра планаваны прыезд сям’і, расказвае Ларыса Шэвандзіна.

У Дэбальцава яны трапілі ўжо позна ўвечары, пасля каменданцкай гадзіны. На блокпосце каля дому іх доўга правяралі, але ўрэшце прапусцілі. Кватэра аказалася напалову зруйнаваная — сцены былі прабітыя прамым трапленнем «Граду». Ноч правялі там. Раніцай жанчына адчувала сябе дрэнна, не магла ўстаць, і Алег вырашыў самастойна паехаць шукаць маці: ён паабяцаў хутка вярнуцца, забраць жонку — і разам пакінуць горад.

Гэта быў апошні раз, калі Ларыса бачыла мужа на волі.

«Я чула яго голас і разумела: ён трымаецца»

Пасля ад’езду Алега ягоны тэлефон то з’яўляўся ў сетцы, то прападаў. Спачатку жанчына падумала, што сувязь не працуе праз абстрэлы. Але калі яна патэлефанавала сыну ў Кіеў, той паведаміў: знаёмыя з Дэбальцава сказалі, што іхная машына ўжо ў распараджэнні расейскіх вайскоўцаў.

У наступныя дні Алегу некалькі разоў дазвалялі каротка адказваць на званкі. Нічога канкрэтнага ён не казаў — было зразумела, што размовы пад кантролем. Але жонка чула ягоны голас і разумела: ён трымаецца. На другі дзень яна звярнулася ў так званыя «праваахоўныя органы ДНР» з заявай аб выкраданні мужа і аўтамабіля. Ёй адразу паведамілі, што Алег у вайсковым штабе. Машына стаяла побач — яе нават фатаграфавалі.

Пазней жанчына даведалася падрабязнасці затрымання: Алега спынілі на блокпосце байцы спецназу, сілай выцягнулі з аўтамабіля, надзелі мяшок на галаву і кайданкі. Спачатку павезлі за горад — на вайсковую базу для «допыту», пасля чаго вярнулі назад. Яму інкрымінавалі «шпіянаж на карысць Украіны» і сцвярджалі, што ў машыне нібыта знайшлі карты Луганскай вобласці і флэш-назапашвальнік з інфармацыяй — чаго, паводле жонкі, не было. Пазней Алега перавялі ў Данецк і паведамілі, што ягонай справай займаецца ФСБ.

«Я заставалася ў Данецку яшчэ паўгода, каб сабраць як мага больш дадзеных, — расказвае Ларыса. — Ведаю шмат пра допыты, катаванні, пра шантаж сям’ёй. Яму паказвалі відэа са мной і казалі: калі не падпішаш дакументы — «з намі нешта зробяць». Не ўсё магу расказваць — крыніцы непублічныя».

Ларыса Шэвандзіна

«Вывозіў людзей пад абстрэламі»

Жанчына ўспамінае, як пачыналася акупацыя Данбасу Расеяй. У Данецку з’явіліся прарасейскія «актывісты», табары кубанскіх казакоў. Пры гэтым у самім горадзе існаваў моцны праўкраінскі рух. Аднак мітынгі ўсё часцей атачалі «цітушкі», якіх завозілі аўтобусамі з Расеі. («Цітушкі» — найманыя баевікі ў цывільным. Іх выкарыстоўвалі, каб збіваць і запалохваць ўдзельнікаў праўкраінскіх акцый. Назва пайшла ад прозвішча аднаго з першых вядомых удзельнікаў такіх нападаў — Вадзіма Цітушкі. — Рэд.).

Затым пачаліся адкрытыя баявыя дзеянні — захоп Горлаўкі, з’яўленне ўзброеных фармаванняў у Славянску. Ларыса кажа, што ўлетку 2014 года ў Дэбальцаве сям’я на свае вочы бачыла мікрааўтобус з выразаным дахам, з якога вялі мінамётны агонь па горадзе: гарэлі жылыя дамы і рынак. Узімку 2015‑га расейскія войскі перабілі лініі электраперадачы — у дваццаціградусны мароз Дэбальцава засталося без святла, вады і ацяплення. Людзі хаваліся ў падвалах.

У гэты час Алег пачаў вывозіць мірных жыхароў уласным сямімесным джыпам: пажылых, сем’і з дзецьмі. Ён дастаўляў лекі, прадукты, свечкі, зарадныя прылады для тэлефонаў. Адзіны шлях эвакуацыі праз Світладарск пастаянна трапляў пад абстрэл. Аднойчы іх машына апынулася пад ударам «Градаў» — аўтамабіль літаральна падскокваў ад выбухаў, але Алег працягваў рух, бо даў людзям слова дапамагчы, расказвае ягоная жонка Ларыса.

Да вайны ён узначальваў федэрацыю у-шу Данецкай вобласці, якую стварыў з нуля яшчэ ў 1996 годзе, ператварыўшы яе ў адну з наймацнейшых спартовых структур Украіны. У снежні 2014‑га Алег зрабіў тое, што жонка называе «актам непакоры»: сабраў зборную з акупаваных Данецку і Горлаўкі і прывёз у Кіеў на Кубак Украіны. Каманда выступала пад украінскім сцягам і стала чэмпіёнам. Акупацыйныя ўлады гэтага не даравалі: так званы «міністр спорту» патрабаваў ад Алега супрацы, але той адмовіўся.

Таксама ў Данецку сям’я мела ўласны бізнес — сетку крамаў бытавой і камп’ютарнай тэхнікі, а таксама фотастудыю. Усё гэта было або знішчана, або захоплена. Як кажа жанчына, ім заставалася толькі назіраць у інтэрнэце, як з іхных крамаў выносяць абсталяванне і тавар.

Ларыса расказвае, што з Алегам яны пазнаёміліся яшчэ ў школе: ёй было 15, яму — 17. Гэта адбылося падчас агульнага школьнага паходу ў лес напрыканцы навучальнага года — класныя кіраўнікі дамовіліся правесці яго разам. Там і пачалася іх гісторыя.

Іх адносіны хутка сталі вядомыя ўсёй школе — як успамінае Ларыса, усё адбывалася неяк вельмі публічна. Праз чатыры гады яны пажаніліся і з таго часу не разлучаліся. За дзесяцігоддзі сумеснага жыцця яна настолькі навучылася адчуваць мужа, што, паводле яе слоў, разумела ягоны стан нават тады, калі ён проста маўчаў у слухаўку.

«Мару пра абдымкі ўсе гэтыя гады»

На пытанне, як гэтыя амаль 11 гадоў Ларыса жыла без Алега, яна адказвае: «Нейкая дзіўная рэальнасць».

«Для мяне ўсё, што здарылася з мужам, — як учора. Усё скіравана на яго вызваленне. Канечне, вельмі дапамагае наш з Алегам сын, ён стаў для мяне галоўнай апорай.

Ларыса і Алег

Я ўзначальваю грамадскую арганізацыю Ukraine Movement. Return Freedom: мы робім акцыі па ўсім свеце, сустракаемся з пасламі Францыі, Нямеччыны, Канады, тлумачым, хто такія цывільныя закладнікі. Іх нельга абменьваць паводле Жэнеўскай канвенцыі, бо яны не камбатанты. Расея трымае іх у «інкамунікада» — без сувязі з роднымі і без адвакатаў. Гэта адна з самых жорсткіх формаў катавання.

Сама я з бацькамі выехала ў Нямеччыну дзеля іх бяспекі — для іх гэта ўжо трэцяя вайна. Мама памятае яшчэ нацысцкую акупацыю. Бацька памёр год таму… Ён бы жыў, калі б не гэтыя падзеі», — кажа яна.

Жанчына расказвае, што на лагатыпе арганізацыі — два сілуэты, мужчына і жанчына. І гэта не проста абдымкі: жанчына літаральна трымаецца за каханага, нібы баіцца адпусціць. Ларыса прызнаецца, што пра гэтыя абдымкі марыць усе гады чакання.

Алег вельмі любіць ваду і акіян, таму яна спадзяецца, што пасля ягонага вяртання яны змогуць разам паехаць у падарожжа — не важна куды, галоўнае, каб зноў быць побач.

Яна таксама звяртаецца да ўкраінскага кіраўніцтва з просьбай выкарыстаць любую магчымасць для вызвалення мужа, у тым ліку праз абмен.

«Я хачу звярнуцца да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, да Кірылы Буданава, да Дзмітрыя Усава: разгледзьце любую магчымасць абмену. Ёсць затрыманая ва Украіне беларуская шпіёнка Іна Кардаш — магчыма, яе можна абмяняць на майго мужа? Мы хапаемся за кожны шанец», — падсумоўвае яна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула