БЕЛ Ł РУС

Гамяльчан напалохалі расійскія «Шахеды»: кружылі так нізка, што «палкамі можна было збіваць»

26.02.2026 / 12:15

Nashaniva.com

Магчыма, беспілотнікаў было некалькі.

Ілюстрацыйны здымак. Адзін з карыстальнікаў паказаў, што бачыў над Гомелем дрон, аналагічны таму, які на фота

З раніцы 26 лютага на працягу некалькіх гадзін над Гомелем кружыў мінімум адзін расійскі беспілотны лятальны апарат тыпу «Шахед», даведаўся Флагшток. Яго выдаваў чорны колер і характэрны гук «як у мапеда». Магчыма, беспілотнікаў было некалькі.

Афіцыйна аб пагрозе ні ўлады, ні сілавыя органы нічога не паведамілі. Больш за тое, менавіта на 26 лютага ў Гомелі была запланавана штомесячная планавая праверка сістэмы апавяшчэння з уключэннем электрасірэн. Але ў момант пралёту БпЛА — рэальнай пагрозы — сірэны маўчалі.

На здарэнне адрэагаваў толькі неафіцыйны Тэлеграм-канал ідэолагаў Гомельскага аблвыканкама: апублікаваў папярэджанне «проста, каб ведаць» аб мерах бяспекі пры выяўленні дронаў і прыстрашыў крымінальным пераследам і пазбаўленнем волі на некалькі гадоў за «любую здымку і публікацыю фота ці відэа».

Але людзі ўсё роўна актыўна пакідалі паведамленні ў сацсетках і месенджарах.

Характэрна, што ўкраінскія маніторынгавыя каналы ў тую раніцу і напярэдадні не паведамлялі аб залёце расійскіх дронаў з тэрыторыі Украіны. Ёсць верагоднасць, што ўварванне адбылося наўпрост з Расіі.

Візуальныя назіранні за БпЛА, які з'явіўся прыкладна ў 07:30, паказалі, што, верагодна, над Гомелем кружыў расійскі Shahed-136 (Герань). Баявая частка такіх дронаў складае каля 50 кілаграм выбухоўкі.

Магчыма, што дрон быў не адзін. Гомельцы паведамлялі аб серыі пралётаў.

Дакладна вядома, што «Шахед» бачылі і чулі не раз у Цэнтральным, Чыгуначным, Савецкім раёнах, а канкрэтна над некалькімі мікрараёнамі: Сельмашаўскі, Заходні, Шведская Горка, Стары Аэрадром, Мельнікаў Луг, таксама ў Касцюкоўцы і Пакалюбічах.

Некаторыя сцвярджалі, што дроны лёталі «чаргой» і здзіўляліся: 

Па словах відавочцаў, пралёты БпЛА былі такімі нізкімі, што «з даху палкамі можна было збіваць». Шэраг карыстальнікаў сцвярджаў, што бачылі ад 5 да 10 пралётаў.

Неўзабаве за шалёным дронам (ці дронамі) вайскоўцы адправілі верталёт, які таксама зафіксавалі жыхары Гомеля.

Лёс БпЛА пакуль застаецца невядомым.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула