БЕЛ Ł РУС

З'явілася відэа палёту беспілотніка над Гомелем. Ён праляцеў праз цэнтр горада ў бок Украіны

26.02.2026 / 14:52

Nashaniva.com

У інтэрнэце апублікавана відэа, на якім зафіксаваны палёт буйнога беспілотніка над Гомелем. На кадрах, знятых з самага цэнтра горада, добра чутны характэрны гук рухавіка, які нагадвае працу матацыкла.

Беспілотнік у небе над цэнтрам Гомеля. Скрыншот відэа

Нягледзячы на індустрыяльны пейзаж на відэа, здымка сапраўды вялася з самага цэнтра горада — з раёна плошчы Леніна, на якой знаходзіцца будынак аблвыканкама. Камера была скіравана на захад, у бок шчыльнай жылой забудовы, Цэнтральнага рынку і чыгункі.

Мяркуючы па траекторыі руху (справа налева), беспілотнік праляцеў над стратэгічна важнымі аб'ектамі — гомельскім чыгуначным вузлом і вакзалам — накіроўваючыся на поўдзень, у бок мяжы з Украінай.

Меркаваная траекторыя палёту дрона паводле відэа. Калаж: Наша Ніва

Раней выданне «Флагшток» паведамляла пра магчымае з'яўленне над Гомелем расійскага ўдарнага беспілотніка Shahed-136 («Герань»). Баявая частка такіх апаратаў можа ўтрымліваць да 50 кілаграмаў выбухоўкі.

Афіцыйны тэлеграм-канал упраўлення ідэалогіі Гомельскага аблвыканкама адрэагаваў на з'яўленне відэаматэрыялаў пагрозамі крымінальнай адказнасці за здымкі дрона і публікацыю кадраў з беспілотнікамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула