БЕЛ Ł РУС

Заблакаваныя акаўнты ChatGPT, звязаныя з расійскім Z-каналам «Рыбар»

27.02.2026 / 08:36

Nashaniva.com

Яны генеравалі пасты і каментары для сацсетак на рускай, англійскай ды іспанскай мовах, якія затым публікаваліся як у акаўнтах «Рыбара», так і ў дзясятках іншых акаўнтаў у X і Telegram

OpenAI апублікавала справаздачу пра злоўжыванні штучным інтэлектам, у якой паведаміла пра блакаванне сеткі акаўнтаў, звязанай з праваенным тэлеграм-каналам «Рыбар», піша The Bell.

Паведамляецца, што з дапамогай штучнага інтэлекту акаўнты «Рыбара»:

— генеравалі пасты і каментары для сацсетак на рускай, англійскай ды іспанскай мовах, якія затым публікаваліся як у акаўнтах «Рыбара», так і ў дзясятках іншых акаўнтаў у X і Telegram;

 — стваралі відэа праз Sora для прасоўвання «Рыбара»;

— распрацоўвалі камерцыйныя прапановы для кліентаў: вядзенне акаўнтаў, «журналісцкія» сайты, сеткі для ўзмацнення ахопу публікацый;

— працавалі праз звязанае з «Рыбарам» выданне REST Media.

У адным з выпадкаў карыстальнік загрузіў артыкул REST Media пра тое, што Германія нібыта стварае сетку ўплыву ў Малдове, папрасіў ChatGPT згенераваць каментары, якія пасля былі апублікаваныя рознымі Telegram-каналамі са спасылкай на REST;

Яны таксама выкарыстоўвалі ChatGPT для планавання аперацый у Афрыцы з мэтай уплыву на выбары ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Камеруне, Бурундзі і на Мадагаскары, уключна з арганізацыяй пратэстаў на месцах.

Гадавы бюджэт найбуйнейшага праекта ацэньваўся на 600 тысяч даляраў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула