«Не трэба нікога палохаць». Зяленскі адрэагаваў на інфармацыю пра магчымы выхад Расіі з перамоваў
Ён нагадаў, што яго пазіцыя адносна тэрытарыяльнай цэласнасці не змянілася.
Фота: AP Photo / Markus Schreiber
Прэзідэнт Украіны адрэагаваў на паведамленні СМІ пра магчымы выхад Расіі з перамоў, калі Украіна не аддасць Данбас, паведамляе Украінская служба Радыё Свабода.
Ён нагадаў, што яго пазіцыя адносна тэрытарыяльнай цэласнасці не змянілася. «Любы бок можа выйсці з перамоў, але тады будуць шукаць іншыя фарматы, каб прымусіць Расію завяршыць вайну», — сказаў ён.
Таксама прэзідэнт Украіны выказаў меркаванне, што Расія рыхтуе новую хвалю атак.
Паводле яго слоў, атакі могуць быць скіраваныя таксама на інфраструктуру і лагістыку.
Таксама ён адзначыў, што чарговая сустрэча Украіны, ЗША і Расіі, якая мелася адбыцца ў Абу-Дабі найбліжэйшым часам, не адмененая, але цяпер нельга пацвердзіць, што яна адбудзецца на фоне баявых дзеянняў.
У цэлым Зяленскі дадаў: «Сустрэча павінна быць». Іншае дакладнае месца ён цяпер не назваў, але згадаў Турцыю і Швейцарыю, якія раней разглядаліся як пляцоўкі для сустрэч.