БЕЛ Ł РУС

Літоўцы не будуць трансляваць адкрыццё Паралімпіяды праз удзел беларусаў і расіян

3.03.2026 / 09:38

Nashaniva.com

Цырымонію таксама не будуць трансляваць грамадскія вяшчальнікі Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі.

Фота: Andrea Amato/NurPhoto via Getty Images

У сувязі з удзелам Расіі і Беларусі літоўскі грамадскі тэлевяшчальнік LRT не будзе трансляваць цырымонію адкрыцця зімовых Паралімпійскіх гульняў, піша Delfi.lt.

Пасля таго як Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) дазволіў расійскім і беларускім спартсменам удзельнічаць у сёлетніх зімовых Паралімпійскіх гульнях пад сцягамі сваіх краін, Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачанне (LRT) абвясціла, што не будзе трансляваць цырымонію адкрыцця Гульняў.

«Мы рады магчымасці трансляваць Паралімпійскія гульні літоўскім гледачам, асабліва сёлета, калі пасля доўгага перапынку ўбачым і прадстаўніка нашай краіны. Аднак мы не можам пагадзіцца з рашэннем Міжнароднага паралімпійскага камітэта дазволіць расійскім і беларускім спартсменам выступаць пад сваімі сцягамі і далучаемся да ініцыятывы балтыйскіх вяшчальнікаў не трансляваць цырымонію адкрыцця», — сказаў намеснік генеральнага дырэктара грамадскага вяшчальніка Гіціс Аганаўскас.

Цырымонію таксама не будуць трансляваць грамадскія вяшчальнікі Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі.

«Гэта рашэнне было прынята пасля вяртання расійскіх і беларускіх спартсменаў на Паралімпійскія гульні, якія будуць прадстаўляць свае краіны», — гаворыцца ў заяве.

Літоўская дэлегацыя таксама не будзе ўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцця — адзіны прадстаўнік Літвы, Раполас Місявічус, не будзе прадстаўлены на адкрыцці. Паралімпійскі камітэт Літвы выступіў з заявай, у якой адзначаецца, што агрэсарам не месца на Гульнях.

Зімовыя Паралімпійскія гульні пройдуць з 6 да 15 сакавіка ў тых жа лакацыях поўначы Італіі, дзе праходзіла Алімпіяда, 

На пачатку мінулага тыдня МПК дапусціў беларускіх і расійскіх. спартоўцаў да Паралімпіяды, таму чатыры беларускія і шэсць расійскіх спартоўцаў змогуць выступіць пад сваімі дзяржаўнымі сцягамі.

Чатыры беларускія квоты прызначаныя для лыжных гонак. Расія атрымала па два месцы ў гарналыжным спорце, лыжных гонках і снаўбордзе.

Спартоўцы возьмуць удзел у шасці відах спорту ў дзвюх катэгорыях: віды спорту на снезе (горныя лыжы, бегавыя лыжы, біятлон і снаўборд) і віды спорту на лёдзе (хакей на санях і кёрлінг на вазках).

Падчас Паралімпіяды-2022 (4—13 сакавіка 2022) беларускія і расійскія спартоўцы былі адхіленыя ад спаборніцтваў праз пачатак поўнамаштабнай вайны. Прычым яны былі адхіленыя за дзень да пачатку спаборніцтваў.

Да ўдзелу ў звычайных Алімпіядах 2024 і 2026 гадах расійскія і беларускія спартсмены дапускаліся ў нейтральных статусе без выкарыстання сцягу і гімна, прычым удзел біятланістаў і хакеістаў быў забаронены.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула