БЕЛ Ł РУС

«Мне здаецца, гэта крымінальны артыкул». Пінчук абурыўся станам новай дарогі ў горадзе

4.03.2026 / 09:42

Nashaniva.com

Жыхары Пінска паскардзіліся на стан дарогі каля гандлёвага цэнтра. Ямы і расколіны з'явіліся ўсяго праз год пасля рамонту, піша BGmedia.

Жыхар горада запісаў відэаролік, у якім эмацыйна выказаўся пра стан новай дарогі каля гандлёвага цэнтра. Паводле яго слоў, пакрыццё ўсяго за год прыйшло ў такі стан, што «па ім проста немагчыма ехаць».

«Я, вядома, дзіка прашу прабачэння, але як дарога каля гандлёвага цэнтра, усім вядомага і ўсімі любімага ў горадзе Пінску, за адзін год ператварылася вось у такі стан, па якой проста немагчыма ехаць. Гэта ж як яе трэба было рабіць і з чаго? І чаму ніхто зараз не бяжыць, не ратуе яе, не рамантуе? Мне здаецца, гэта крымінальны артыкул, не? Як вы думаеце? Я не ведаю».

Паводле слоў мужчыны, гаворка ідзе пра дарогу, якая яшчэ нядаўна лічылася новай. Цяпер жа — ямы, расколіны і няроўнасці.

Асабліва праблемным кіроўцы называюць паварот направа: там, як пішуць у каментарах, «канкрэтная яма, і далей метраў 50 — зубадрабілка».

Пад відэа хутка з'явіліся дзясяткі каментароў. 

Многія сцвярджаюць, што праблема не лакальная.

«Ды ў Пінску па ўсім горадзе так».

«У Пінску ад дарог толькі назва».

«Асфальт сышоў разам са снегам».

«Згодны, трэба ўжо саджаць за такую якасць. Чаму няма нагляду?»

«Гэта паласа перашкод з незразумелай разметкай».

Некаторыя дзеляцца асабістым вопытам. Адзін з кіроўцаў піша, што «ўчора выявіў, што два колы ўгробіў, проста сталі крывыя, далей горада нікуды не ездзіў».

Іншы дадае: «Ехаў там — і сам быў у шоку. За год — і ўсё, капец дарозе».

Частка каментатараў лічыць, што справа ў парушэнні тэхналогіі будаўніцтва.

Людзі іранізуюць: «Вырашылі сэканоміць на бетоне, але нешта пайшло не так», «Тэхналогія, галоўнае — была выкананая работа і справаздача».

Іншыя вінавацяць зіму і рэагенты. На думку аднаго з карыстальнікаў, бетон «забівае соль, якой пасыпаюць дарогу».

Не абышлося і без сарказму: «У Пінску дарогі робяць толькі ў жахлівых умовах надвор'я, калі дождж ідзе». «Затое ўсе дрэвы спраўна спілавалі ў тым раёне».

Жыхары горада ўсё часцей кажуць пра тое, што стан дарог у Пінску — хранічная тэма.

«У каго ні спытаю пра Пінск, усе кажуць: што гэта за дарогі ў вас?» — піша адзін з каментатараў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула