БЕЛ Ł РУС

Ці можна прадказаць рэвалюцыю? Навукоўцы прапануюць некалькі формул

6.03.2026 / 08:00

Антось Жупран

Ці існуюць агульныя законы, якія тлумачаць рэвалюцыі? Ці можна апісаць выбухі масавага незадавальнення з дапамогай матэматычных мадэляў? Многія навукоўцы сцвярджаюць, што так. З падрабязнасцямі знаёміць польскае выданне Polityka.

Фота: Chesnot / Getty Image

Рэвалюцыі і паўстанні заўсёды ўспрымаліся як тэрыторыя, дзе пануе хаос, дзе ўсё залежыць ад фактараў, якія цяжка вымераць — харызмы лідараў, легітымнасці ўлады або грамадскіх настрояў. Гэтыя элементы могуць тлумачыць, чаму людзі выходзяць на вуліцы, але яны амаль не дапамагаюць прадказаць, калі і пры якіх умовах пратэст можа перарасці ў сапраўдную рэвалюцыю.

Аднак у апошнія гады шэраг даследчыкаў спрабуе падысці да гэтай праблемы з іншага боку — праз вялікія масівы даных, матэматычныя мадэлі і параўнальны аналіз гісторыі. І хоць універсальнай формулы пакуль не існуе, некаторыя заканамернасці ўсё ж удаецца выявіць.

Горад як галоўная арэна

Палітолаг Марк Бейсінгер з Прынстанскага ўніверсітэта, прааналізаваўшы 343 «рэвалюцыйныя эпізоды» ў розных краінах свету ў 1900—2014 гадах, прыйшоў да высновы: у сучасным урбанізаваным грамадстве рэвалюцыі амаль заўсёды адбываюцца ў гарадах.

Гэта звязана з глабальнымі дэмаграфічнымі зменамі. На пачатку XX стагоддзя ў гарадах жыло толькі каля 13% насельніцтва планеты. Сёння — больш за палову. Разам з гэтым змяніўся і характар пратэстаў.

Яшчэ сто гадоў таму большасць паўстанняў пачыналася ў сельскай мясцовасці. Яны мелі характар паўпартызанскай барацьбы: паўстанцы паступова захоплівалі правінцыі, а напад на сталіцу быў ужо апошнім ударам. Але з ростам гарадоў паўстанні паступова трансфармаваліся ў масавыя грамадзянскія рухі, якія ўзнікаюць менавіта ў мегаполісах.

Пры гэтым асноўнымі ўдзельнікамі сучасных антыўрадавых выступаў часта становяцца людзі з сярэднім або крыху ніжэйшым за сярэдні даходам. Імі рухае не крайняя беднасць, а адчуванне адсутнасці перспектыў.

З падлікаў Бейсінгера таксама вынікае, што гарадскія паўстанні часцей заканчваюцца поспехам. На пачатку XX стагоддзя толькі каля чвэрці масавых выступаў прыводзілі да падзення ўрада. Да 2014 года гэты паказчык вырас прыкладна да 48%.

Прычына — у самой структуры горада. Высокая шчыльнасць насельніцтва, мноства сацыяльных сетак і інстытутаў, блізкасць людзей адзін да аднаго робяць распаўсюджанне пратэстаў значна хутчэйшым.

Акрамя таго, у гарадах, асабліва ў сталіцах, сканцэнтраваны цэнтры дзяржаўнай улады: органы кіравання, медыя, транспартныя вузлы і сілавыя структуры. Гэта стварае своеасаблівы парадокс. З аднаго боку, пратэстоўцы знаходзяцца пад пастаяннай пагрозай хуткіх рэпрэсій. З іншага — любыя жорсткія дзеянні ўладаў тут жа становяцца публічнымі і могуць выклікаць яшчэ большую хвалю незадавальнення.

Мінск падчас масавых пратэстаў 2020-га. Фота: Наша Ніва

Сучасныя лічбавыя тэхналогіі толькі ўзмацняюць гэты эфект: людзі могуць каардынаваць дзеянні ў рэжыме рэальнага часу, а інфармацыя пра гвалт або злоўжыванні ўладаў імгненна распаўсюджваецца праз інтэрнэт.

У 2018 годзе група навукоўцаў пад кіраўніцтвам Ларана Банас-Гао правяла даследаванне, апублікаванае ў часопісе Scientific Reports. У якасці прыкладу яны ўзялі гарадскія беспарадкі ў Францыі ў 2005 годзе і паспрабавалі змадэляваць механізм распаўсюджвання бунту.

Аказалася, што важную ролю адыгрывае гарадская інфраструктура — асабліва станцыі метро і буйныя транспартныя вузлы. Менавіта вакол іх пратэсты распаўсюджваюцца хутчэй за ўсё.

«Правіла 3,5 працэнта»

Адна з самых вядомых гіпотэз пра «кропку кіпення» рэвалюцыі з’явілася ў 2011 годзе. Даследчыцы Эрыка Чэнавет і Марыя Стэфан прааналізавалі больш за 300 унутраных канфліктаў і масавых рухаў у 1900—2006 гадах. Яны прыйшлі да высновы, што вырашальным фактарам з’яўляецца не ўзровень беднасці, не жорсткасць рэпрэсій і нават не палітычны рэжым. Найважнейшая рэч — гэта стратэгія пратэсту.

Мірныя рухі аказаліся ўдвая больш паспяховымі за ўзброеныя паўстанні. Галоўная прычына — нізкі «парог уваходу»: калі ўдзел у пратэсце не звязаны з высокай рызыкай гібелі, да яго далучаецца значна больш людзей.

На падставе сваіх даных даследчыцы прапанавалі так званае «правіла 3,5 працэнта». Калі ў пратэсным руху пастаянна ўдзельнічае каля 3,5% насельніцтва краіны, улады становяцца няздольнымі эфектыўна яго падавіць.

Важна, што гаворка ідзе не пра адзін масавы марш, а пра працяглую і сістэмную актыўнасць. Калі значная частка грамадства пачынае масава адмаўляцца ад паслухмянасці, дзяржаўная сістэма паступова губляе кантроль.

Мінск падчас масавых пратэстаў 2020-га. Фота: Наша Ніва

Аднак гэтае правіла не з’яўляецца абсалютным законам. Напрыклад, у Бахрэйне ў 2011 годзе мірныя пратэсты ахапілі амаль 6% насельніцтва, але ў выніку былі жорстка падаўлены.

У 2019 годзе Чэнавет прапанавала яшчэ адну мадэль — канцэпцыю «сацыяльнага імпульсу». Яна правяла паралель з базавым законам фізікі, паводле якога імпульс роўны масе, памножанай на хуткасць. У выпадку пратэстаў «масай» выступае колькасць людзей, якія ўдзельнічаюць у руху, а «хуткасцю» — інтэнсіўнасць і частата пратэстаў.

Нават адносна невялікі рух можа набыць значную сілу, калі акцыі адбываюцца часта і бесперапынна. Палітычная сістэма, на якую штодзённа аказваецца ціск, паступова слабее — як матэрыял, што ламаецца ад пастаянных нагрузак. 

Гэта больш дынамічная мадэль, чым жорсткі парог 3,5 працэнта; яна значна лепш перадае характар рэвалюцый, якія з’яўляюцца не аднаразовай падзеяй, а працяглым працэсам, дзе ключавую ролю адыгрываюць патокі людзей і цыклы мабілізацыі.

Крытычная кропка

Яшчэ адну спробу знайсці «трыгер» рэвалюцый зрабіла група даследчыкаў з Інстытута складаных сістэм Новай Англіі (New England Complex Systems Institute) на чале з Марка Лагі. У 2011 годзе яны вывучалі падзеі «арабскай вясны» і звярнулі ўвагу на сувязь паміж сацыяльнымі пратэстамі і сусветнымі цэнамі на прадукты харчавання.

Яны пабудавалі мадэль на аснове індэкса FAO (агенцтва ААН па харчаванні і сельскай гаспадарцы), які адсочвае глабальныя змены цэн на кошык асноўных прадуктаў харчавання. Аналізуючы яго ваганні на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў і супастаўляючы іх з выбухамі грамадскай незадаволенасці, яны выявілі ўражальную карэляцыю.

Масавыя беспарадкі часта адбываліся ў перыяды, калі гэты індэкс рэзка ўзлятаў. Асабліва высокай верагоднасць пратэстаў станавілася, калі ён перавышаў адзнаку 210 пунктаў.

Аднак гэтая мадэль сустрэла крытыку, паколькі ўлічвала сусветныя цэны на сыравіну, якія не заўсёды напрамую адбіваюцца на мясцовых цэнах у крамах. Іншыя заўважалі, што грамадскія неспакоі могуць самі па сабе дэстабілізаваць рынкі, што вядзе да росту цэн, ствараючы замкнёнае кола.

Існуе яшчэ адна загадка: чаму часам невялікая падзея становіцца спускавым механізмам для маштабнай рэвалюцыі. Напрыклад, самаспаленне вулічнага гандляра ў Тунісе ў 2010 годзе стала штуршком для масавых выступаў, якія перакінуліся на ўвесь арабскі свет.

Даследчыкі Ян Корбель, Шлома Хаўлін і Стэфан Турнэр прапанавалі глядзець на такія працэсы як на фазавыя пераходы змешанага парадку. Як яны тлумачаць, раптоўнай макраскапічнай змене (напрыклад, падзенню ўрада) звычайна папярэднічаюць працяглыя, нябачныя няўзброеным вокам змены на мікраскапічным узроўні. Гэта могуць быць напружанасці ўнутры іерархіі ўлады або непрыкметныя змены ў грамадскіх настроях.

Менавіта такія мікраскапічныя працэсы паступова падмываюць падмуркі сістэмы. І калі сістэма дасягае крытычнага стану, любы дробны выпадак — напрыклад, трагедыя аднаго чалавека — запускае незваротную ланцуговую рэакцыю.

Як бы ні былі пераканаўчыя гэтыя мадэлі, навука пакуль не стварыла абсалютна дакладнай «формулы рэвалюцыі». Нягледзячы на ўрбанізацыю, цэнавыя індэксы і матэматычныя прагнозы, грамадства застаецца занадта складанай сістэмай, каб апісаць яе адным ураўненнем.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула