У чым розніца паміж Трампам у Іране і Пуціным ва Украіне
У Расіі праводзяць паралелі паміж дзеяннямі Расіі ва Украіне і ЗША — у Іране. Маўляў, там спецыяльная ваенная аперацыя і там. Там мэта дэмілітарызацыя і там — знішчэнне ракетнай праграмы. Так, і там і там — пытанне інтарэсаў вялікіх дзяржаў. І так, для адміністрацыі Трампа дэмакратыя справа дваццаць пятая. Але ёсць і пяць вялікіх адрозненняў, піша Мікола Бугай.
Неразарваная іранская ракета ўпала ў раёне Эль-Камышлы, Сірыя, 4 сакавіка 2026. Фота AP Photo / Baderkhan Ahmad
Іран не хаваў: яго мэта — знішчыць Ізраіль. А Украіна не нападала на Расію і не ставіла мэты знішчыць Расію. Заўсёды ж важна, хто першы пачаў, так?
Другое. Ні ЗША, ні Ізраіль не хочуць далучыць Іран ці яго часткі — прынамсі, будзем спадзявацца. А ў Расіі менавіта гэта галоўная задача. Заграбасталі Крым, акупавалі Данбас, а хацелі б аж да Роўна дайсці.
Трэцяе. Іран з Ізраілем абменьваюцца ўдарамі даўно і ўвесь час, гэта даўняя вайна, з проксі і без проксі. А Расія ўдарыла па Украіне вераломна. Хоць і называла «брацкім народам» і падпісала дамовы і мемарандум.
Чацвёртае. Іран рэальна распрацоўваў ядзерную зброю і балістычныя ракеты. Нічога такога Украіна не рабіла ні да 14-га, ні да 22‑га года. Некаторыя лічаць цяпер: можа і дарма.
І апошняе: у Іране ЗША і Ізраіль паказалі сваю сілу. Ва Украіне Расія — сваю слабасць.