БЕЛ Ł РУС

У Венгрыі патлумачылі затрыманне супрацоўнікаў украінскага Ашчадбанка адмываннем грошай

6.03.2026 / 13:03

Nashaniva.com

Супраць грамадзян Украіны распачалі крымінальную справу.

Сем супрацоўнікаў Ашчадбанка затрымалі па падазрэнні ў «адмыванні грошай», паведаміла Нацыянальная падатковая і мытная служба Венгрыі. Супраць іх распачалі крымінальную справу.

Сярод затрыманых у Венгрыі інкасатараў, па версіі мясцовых уладаў, ёсць былы генерал украінскай разведкі.

У Нацыянальнай падатковай і мытнай службе Венгрыі таксама заявілі, што на працягу 2026 года праз тэрыторыю краіны ва Украіну было перавезена больш за $900 млн, €420 млн і 146 кілаграмаў залатых зліткаў.

На фоне сітуацыі МЗС Украіны рэкамендуе грамадзянам устрымлівацца ад паездак у Венгрыю, паколькі ведамства не можа гарантаваць іх бяспеку, і параіць па магчымасці выбіраць іншыя транзітныя маршруты.

Як паведамлялася, учора ў Будапешце затрымалі сем супрацоўнікаў украінскага Ашчадбанка, якія выконвалі рэйс на двух інкасатарскіх аўтамабілях паміж Аўстрыяй і Украінай і перавозілі грошы і каштоўнасці ў межах рэгулярных перавозак паміж дзяржаўнымі банкамі.

«Фактычна, гаворка ідзе пра тое, што Венгрыя ўзяла закладнікаў і выкрала грошы. Калі гэта тая «сіла», пра якую сёння казаў спадар Віктар Орбан, то гэта сіла злачыннай банды. Гэта дзяржаўны тэрарызм і рэкет. Мы ўжо накіравалі афіцыйную ноту з патрабаваннем неадкладна вызваліць нашых грамадзян. Мы таксама звернемся да Еўрапейскага саюза з запытам даць выразную кваліфікацыю незаконным дзеянням Венгрыі — захопу закладнікаў і рабаванню», — напісаў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.

Чытайце таксама:

У Будапешце затрымалі сем супрацоўнікаў украінскага Ашчадбанка з дзясяткамі мільёнаў даляраў

Затрыманыя ў Будапешце інкасатарскія машыны ўкраінскага Ашчадбанка знаходзяцца на тэрыторыі Антытэрарыстычнага цэнтра Венгрыі

Каментары да артыкула