Мігранцкі крызіс, арганізаваны Лукашэнкам, — усё? Вось што паказваюць лічбы
Пачынаючы з 2021 года мігранты актыўна намагаліся нелегальна трапіць з Беларусі ў Еўрасаюз. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі спрыяў гэтаму, выкарыстоўваючы мігрантаў для ціску на суседнія краіны Еўрасаюза. А што цяпер?
Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP / Czarek Sokolowski
Апошнімі месяцамі назіраецца пэўнае зацішша на мяжы Беларусі і Еўрасаюза. Выглядае, што рэжым перастаў выкарыстоўваць нелегальных мігрантаў як элемент гібрыдных атак на суседнія краіны Еўропы.
Польшча
Ад пачатку сакавіка было чатыры дні, калі польскія памежнікі фіксавалі спробы нелегальна трапіць у краіну з боку Беларусі — хоць надвор'е, здавалася б, спрыяльнае. Агулам налічылася каля 25 ахвотнікаў.
Скрыншот: Straz_Graniczna / X
За люты было ўсяго пяць дзён, калі польскія пагранічнікі фіксавалі мігрантаў на мяжы. Агулам было зафіксавана 49 спроб нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі.
У той жа час, у лютым 2025‑га лік ішоў на сотні чалавек, спробы нелегальна перасекчы мяжу фіксаваліся амаль кожны дзень.
Літва
Ад пачатку года літоўскія памежнікі зафіксавалі ўсяго 37 спроб нелегальна трапіць з Беларусі ў Літву.
Скрыншот: vsat.lrv.lt
Пра тое, што сітуацыя з нелегальнай міграцыяй з боку Беларусі змянілася, казалі і ў Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літоўскай Рэспублікі. У каментары літоўскаму выданню прадстаўнік Службы адной з прычын, чаму так адбываецца, назваў адсутнасць з беларускага боку актыўных дзеянняў па арганізацыі перавозкі мігрантаў і іх перасялення.
Латвія
На латвійскім кірунку таксама назіраецца значнае зніжэнне спроб нелегальна перасекчы мяжу ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Даныя за студзень не бяром, бо гэты месяц сёлета быў анамальна халодным, што магло паўплываць на настроі мігрантаў. Але не такі ўжо халодны люты і пачатак сакавіка даюць магчымасць скласці пэўную карціну.
За люты 2025 года было зафіксавана 75 спроб нелегальна перасекчы латвійскую мяжу з боку Беларусі. Усяго было 12 дзён, калі такія спробы фіксаваліся.
У лютым 2026 года было ўсяго тры такія дні і 20 чалавек.
За першыя восем дзён сакавіка 2025 года нелегальна перасекчы латвійскую мяжу спрабавалі 23 чалавекі, а з пачатку сакавіка 2026 года — толькі 9.