«У мяне заўсёды была мара кіраваць аўтобусам». Акцёр Ігар Сігоў — пра сваю новую працу
Беларускі акцёр тэатра і кіно Ігар Сігоў, фільм з удзелам якога быў намінаваны на Оскар («Дзверы» у 2010 годзе), ужо месяц працуе кіроўцам аўтобусу пад Варшавай — возіць людзей з Градзіска-Мазавецкага ў суседнія вёскі і мястэчкі. У адзін з першых сакавіцкіх дзён пасажырамі знакамітага беларуса сталі журналістка і фатограф «Белсата».
«Цябе паважаюць, і ты аддаеш любоў і павагу»
Аўтобус №29, якім кіруе Ігар Сігоў, чакаем на прыпынку каля чыгуначнага вакзала ў Градзіску-Мазавецкім. Ён прыбывае дакладна па раскладзе. Пасажыраў збіраецца поўны салон — маршрут пралягае па раёне да суседняга гарадка Надажына. Але літаральна праз хвіліну высвятляецца, што рэйс не адбудзецца — у аўтобуса праблема з акумулятарам.
Кіроўца выбачаецца перад пасажырамі і тлумачыць, што вымушаны выклікаць тэхнічную дапамогу. Людзі спакойна выходзяць з салона і нават суцяшаюць беларуса: «Так здараецца».
«Зранку ўсё было добра, аўтобус правяраўся. Гэта раптоўная праблема, — распавядае нам спадар Ігар. — Машыны па 16 гадзінаў працуюць, без адпачынку. Я пачынаю ў 4:30, і да 13:30 езджу, а потым перадаю машыну напарніку, і ён да паловы на першую ездзіць. Аўтобус адпачывае толькі падчас доўгіх прыпынкаў па 20 хвілінаў».
Тэхнічны супрацоўнік, які прыехаў па выкліку, пастанавіў — аўтобус далей ехаць не можа, замест яго зараз прыгоняць іншы.
Пасажыры тым часам раз’ехаліся па іншых маршрутах, і толькі адна жанчына цярпліва чакае, бо ёй трэба менавіта туды, куды едзе №29. Калі мы нарэшце прыехалі да патрэбнага ёй прыпынку, яна падзякавала кіроўцы, пазычыла добрага дня і з усмешкай выйшла з салону.
«Палякі вельмі адкрытыя, не напружаныя, у гэтым іх адрозненне ад беларусаў, — распавядае актор. — Адчуваецца, што яны вольныя. Кажуць тое, што думаюць. Пры гэтым заўсёды размаўляюць мякка. Калі распавядаеш, што з табой адбылося, табе спачуваюць. А яшчэ мяне ўразіла павага да людзей стала ўзросту. Калі ў аўтобусе моладзь, і заходзіць чалавек у сталым узросце ці жанчына з дзіцём, яны падымаюцца без пытанняў. І становіцца зразумела, што гэта для іх — норма. А яшчэ моладзь заўсёды вітаецца. Гэтай павагай яны адрозніваюцца ад нас. Гэта каштоўна. І гэтага мне не хапае сярод беларусаў».
Павагу і спагаду Сігоў адчувае і да сябе:
«Неяк пытаюцца: а чаму пан такі хмурны? Кажу — усё ў парадку, проста надвор’е кепскае. Так пачынаем абмяркоўваць дождж, напрыклад. Палякі паказваюць, што разумеюць цябе, тваю працу, паважаюць яе. І ты ім аддаеш таксама любоў і павагу».
Чаму кіроўца і чаму аўтобус?
За вокнамі тым часам праплываюць польскія вёскі з нязменна задбанымі дамамі і ўчасткамі. Пасажыраў пасярод дня няшмат, на большасці прыпынкаў нікога няма.
«Можна запытацца — а што, няма іншай працы? Чаму менавіта кіроўца? — не чакаючы гэтага лагічнага пытання ад нас, кажа Сігоў. — Па-першае, я гэта раблю някепска, як і граю на сцэне. Я нібы нарадзіўся за стырном, з дзяцінства люблю машыны, і калі змог дазволіць сабе купіць машыну, увесь час ездзіў. Маю правы кіроўцы з 1986 года і ў мяне заўсёды была мара кіраваць аўтобусам, бо я люблю вялікія машыны».
Актор думаў і пра тое, каб пайсці ў дальнабойшчыкі, але тады давялося б надоўга пакідаць сям’ю. Гэтага Сігоў не хацеў, таму вырашыў, што аўтобус усё ж лепшы варыянт.
«І гэта праца з людзьмі. Я люблю назіраць за імі, бачыць новыя твары. Тым больш што ў аўтобусе крыху іншы кантынгент, чым у таксі (два гады таму актор працаваў у таксі — рэд.), і гэта не Варшава. У сталіцы ўсе ў сваіх справах, у тэлефонах, не размаўляюць. Тут зусім іншая карціна — маленькія гарадкі, дачы. Людзі камунікуюць паміж сабой, штосьці распавядаюць, а ты прыслухоўваешся. А хтосьці табе ўжо знаёмы, бо ездзіць заўсёды ў адзін час. Я знайшоў тут сваю аддушыну, і мне не цяжка падымацца а 3‑й гадзіне раніцы, папіць гарбаты, прыняць душ і ехаць працаваць», — распавядае беларус.
Высадзіўшы астатніх пасажыраў каля шпіталя ў Градзіску, Сігоў едзе ў аўтапарк здаваць змену.
«60 злотых (каля 15 еўра) за сёння. Вось так збіраеш касу некалькі дзён, а потым здаеш», — заўважае актор, падлічыўшы грошы і закрыўшы касавы апарат.
Спадар Ігар разважае, наколькі аплачваюцца такія маршруты, бо часам за дзень расходы на паліва выходзяць большымі, чым выручка. Ну але гэта дзяржаўны аўтапарк і датуецца ўсё з бюджэту.
«Гэта можа быць нявыгадным. Хоць часам бывае і большы заробак за дзень — напрыклад, 120 злотых (30 еўра). Але ў любым выпадку — гэта і ёсць Еўропа, калі ўлады абавязаныя зрабіць так, каб даезд быў зручны паўсюль. У гэтым сэнсе тут вельмі добрая інфраструктура», — кажа Сігоў.
Як выручае беларуская мова
Пасля таго, як спадар Ігар здаў аўтобус напарніку, мы ідзем піць каву і размаўляць далей пра працу і жыццё ў эміграцыі.
«Мне вось зараз далі ў аўтапарку швэдар на заўтра, які мусіць насіць кіроўца, бо прыедзе здымаць польскі тэлеканал, дык трэба выглядаць прыстойна», — смяецца Сігоў.
«А як рэагуюць у аўтапарку на такую вашую папулярнасць у СМІ, што ўвесь час прыязджаюць, здымаюць?» — пытаемся.
Сігоў кажа, што распавядаў калегам, што быў акторам у Беларусі, працаваў у тэатры, здымаўся ў кіно. Тыя не разумелі, чаму з такім досведам беларус раптам стаў кіроўцам:
«Я тлумачыў, што не магу пайсці ў польскі тэатр, бо не валодаю мовай. У кіно-та яшчэ можна — я так граў НКВДзіста, размаўляў у кадры па-расейску. Камунікацыя на пляцоўцы з рэжысёрам і аператарам была, канешне, па-польску, але калі ты не першы дзень у гэтым, ёсць рэчы, якія ты проста разумееш. А вось у тэатры трэба добра валодаць мовай. Таму цяпер пайшоў на курсы, пачаў з А1. Ну і ў аўтобусе практыка, размаўляю ж з людзьмі, адкладаецца ў галаве тое, што чуеш часта», — распавядае актор.
Сігоў зазначае, што яго выручае беларуская мова, якую палякі разумеюць:
«Гэта цікава — калі ты пытаешся ў іх, ці разумеюць яны беларускую, адказваюць, што не. А калі пачынаеш гаварыць, устаўляючы польскія словы, бачыш, што разумеюць. Некаторыя кажуць — дык ты ж размаўляеш па-польску. А я адказваю — не, гэта беларуская (смяецца). Калі памыляюся ў польскіх словах ці не ведаю, як сказаць, мяне суцяшаюць — усё ў парадку, няма праблемы».
«Ты можаш ці чакаць гранты, ці ісці працаваць»
Калі моўнага бар’еру не будзе, актор думае прабівацца ў польскае кіно, наконт тэатру ж сумняецца, бо «ужо 5 гадоў не выходзіў на сцэну, не ўлічваючы некалькі спектакляў, якія «Купалаўцы» гралі ў Польшчы».
«Хтосьці можа сказаць, што гэта як на ровары — адзін раз навучыўся, і на ўсё жыццё. Так, але з’яўляюцца складанасці, у той жа працы з тэкстам. Бо жыццё такое, што няма часу засяроджвацца на нечым. А тэкст патрабуе канцэнтрацыі. Акрамя таго, калі ты разумееш, што сёння гэтая прафесія не дазваляе табе зарабляць на жыццё, яна становіцца другаснай, бо патрэбнае штосьці, што дасць глебу пад нагамі», — разважае актор.
Адначасова, «калі б здарылася так, што ў Польшчы мы б стварылі беларускі тэатр, у якім гралі б на беларускай мове», спадар Ігар не раздумваючы пайшоў бы туды, бо адчувае сябе ў гэтым як рыба ў вадзе. Але пакуль такой магчымасці няма.
«Таму ты можаш ці сядзець, чакаць гранты, спадзявацца, што штосьці выпадзе ў польскім кіно, ці ісці працаваць, плаціць падаткі, легалізавацца, каб жыць, а не існаваць, — зазначае актор. — Пэўны час тут у мяне не было ніякіх прапановаў, ні ў спектаклях, ні ў кіно, і мая жонка працавала за нас дваіх, змяніла 8 працаў — на складах, фабрыках. А ў нас жа ўдома дзве аўчаркі і кот, і карміць іх зусім не танна. Ды і самім трэба есці. Гэта ўсё было на плячах жонкі. І гэта няправільна. У такой сітуацыі не выпадае сядзець і чакаць, што вось-вось штосьці будзе. Таму я пайшоў вучыцца на катэгорыю Д».
Навучанне заняло тры месяцы, разам з экзаменамі — пяць. Цяпер, калі абодва сужэнцы працуюць, з’явіліся новыя складанасці — яны амаль не бачацца. Часам толькі зранку ці ўначы — прывітаюцца, запытаюцца, як справы — і спаць, бо кожнаму на працу. Актор спадзяецца, што з цягам часу атрымаецца наладзіць графік так, каб больш часу праводзіць разам.
«Жонка непакоіцца за маё здароўе, бо ўзрост, і перапады раскладу. Але я добра сябе адчуваю. Нават скінуў пару кілаграмаў за гэты месяц. Самае цяжкае ў працы — увесь час сядзець. Хоць ёсць моманты, калі можна ўстаць, прайсціся падчас перапынку. Стамляюцца вочы, асабліва калі сонца ці прыцемкі. Але агулам пакуль усё нармальна. Але я толькі месяц адпрацаваў, паглядзім, як далей будзе», — кажа актор.
«Мы ідзем, мы вучымся»
Сёлета ўлетку Ігар Сігоў будзе граць у фільме Аляксея Палуяна «Спадчына». Давядзецца падумаць над тым, як сумясціць з працай на аўтобусе.
«Я ўдзячны Аляксею, што ён мяне запрасіў. Мы даўно гэта абмяркоўвалі, але спачатку не было фінансавання, некалькі разоў перапісваўся праект, і вось нарэшце, і ён не забыўся пра мяне», — зазначае актор.
Дэталяў пра новую ролю Сігоў не раскрывае, бо сцэнар усё яшчэ ўдасканальваецца. Што вядома — стужка будзе пра падзеі жніўня 2020 года.
Спадар Ігар з цікавасцю глядзіць на ролю, але сам той час згадвае як вельмі цяжкі, бо тады актор праходзіў лекаванне ад анкалагічнага захворвання:
«Пакуль я мог, мы запісвалі разам з акторам відэазвароты. Але ўсё, што адбывалася 9, 10 жніўня і далей я бачыў толькі праз тэлефон, бо ўжо ляжаў у лякарні і нават не мог хадзіць. Але душой я быў там, разам з усімі».
Ужо пасля лячэння, у 2022 годзе Сігоў разам з жонкай удзельнічалі ў мітынгу супраць вайны ва Украіне, пасля чаго давялося з’ехаць.
Актор перакананы, што ўсе тыя падзеі былі не дарма, нават калі не ўсё атрымалася, і «мы сёння там, дзе мы ёсць». У 2020 годзе на вуліцы выйшлі людзі, якія нарадзіліся пры Лукашэнку, не ведалі іншага прэзідэнта, тады нарадзілася беларуская нацыя, мяркуе Сігоў.
«Думаю, нават нашае цяперашняе становішча — гэта яшчэ адзін крок да вольнай і дэмакратычнай Беларусі. Але беларусы не жылі пры дэмакратыі і не ведаюць, што гэта такое. Таму, мо, гэты час, Польшча, быў нам дадзены, каб вучыцца».
«Гэта як наш шлях па пустыні?»
«Так, мы ідзем, мы вучымся. І нармальна, калі мы памыляемся. Таму я не разумею бульбасрачаў і асуджэння адзін аднаго. Людзі, схамяніцеся. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. На памылках трэба вучыцца і дапамагаць іх выпраўляць», — кажа беларус.
«Па чым сумаваць?»
Актор кажа, што не адчувае моцнай настальгіі па Беларусі. Адзінае — яму шкада, што ён не можа сустрэцца з блізкімі, з унучкай, якую яшчэ ні разу не бачыў, не можа наведаць могілкі бацькоў.
«Па чым яшчэ сумаваць? Па хаце? Гэта матэрыяльныя рэчы. Машына, хата — гэта ўсё можна набыць. Працу можна знайсці. Мы ж знайшлі з жонкай. Ну здымаем дом, але ж не на вуліцы жывем. Купілі машыну. Гэта не галоўнае. А прыехаць цяпер туды, каб пабачыць што? Гэтую вакханалію Груздзевых і Азаронка?».
Сігову было вельмі цяжка пераехаць у Польшчу, але было зразумела, што інакш — «альбо турма, альбо пакаяльны ліст альбо сумленне і эміграцыя». Цяпер тут ужо наладжанае жыццё, а ў Беларусі амаль нічога не засталося.
«Нашая хата арыштаваная, там ніхто не жыве ўжо тры гады. А калі ў драўляным доме ніхто не жыве, ён чахне. Лічы, што яго ўжо няма. Трэба будавацца з нуля, а на гэта трэба мець грошы, шукаць працу. А дзе? У якім тэатры і кіно? Калі Беларусь стане дэмакратычнай, а Расея распадзецца на кавалкі, хто будзе здымаць кіно? Еўропа. І гэта зноў пытанне мовы — па-англійску ці зноў ехаць у Польшчу, дзе ў цябе ўжо ёсць сувязі. Маладзейшым гэта, мо і проста будзе», — разважае Сігоў пра магчымую будучыню.
Несістэмны чалавек
Актор уваходзіць у Каардынацыйную раду, назірае за палітычным жыццём беларусаў за мяжой і ягоная галоўная выснова — трэба яднацца ды не згубіць сувязь са звычайнымі людзьмі:
«Сёння нават беларусы, якія стаяць побач на маршах, потым лаюць адзін аднаго, няхай і за вочы. Гэта ненармальна. Трэба яднацца. А дэмсілам — ісці ў дыялог з простымі беларусамі, якія больш за ўсіх і пацярпелі, а цяпер глядзяць на бясконцыя сваркі і думаюць — а на халеру гэта ўсё патрэбна? Людзі задаюць пытанні — калі мы вернемся дамоў? Калі падзе рэжым? Дэмсілы адказваюць, але палова іхных словаў і мяне не чапляе. Я не веру, калі са мной размаўляюць афіцыйным тонам. Так больш зразумела для дыпламатаў, але не для звычайнага беларуса. Таму давайце размаўляць простай мовай і шчыра».
Нягледзячы на сяброўства ў КР, Сігоў адзначае, што не хоча быць палітыкам:
«Я не кажу, што я не магу стаць палітыкам ці прэзідэнтам. Аляксандр Рыгорыч — намёк. Жартую (смяецца — рэд.) Не тое, каб я не змог кіраваць. У мяне быў досвед, калі я быў дырэктарам тэатру. Але потым новы міністр культуры мне сказаў, што я не сістэмны чалавек. І я тады зразумеў, што ёсць сістэма. Ты мусіш сказаць гэтаму, той іншаму, і гэта пойдзе да міністра і потым назад. Ты не можаш адразу звярнуцца да міністра. Субардынацыя. Хаця калі Латушка паставіў мяне дырэктарам, ён сказаў — калі якія пытанні, да мяне. Гэтым ён таксама ламаў сістэму. І яго таксама зламалі. Таму што сістэма павінна працаваць».
«Мы зноў атрымаем рэжым, толькі іншы»
Праблема беларусаў, на думку Сігова, у тым, што яны, не маючы досведу дэмакратыі, пацягнулі за сабой у эміграцыю сістэму. У выніку адныя пытаюцца: хто нам дасць распараджэнне і скажа, што рабіць, а другія — будуюць вертыкаль:
«Магчыма, яны інакш не могуць. Бо гэтая вертыкаль зразумелая, а гэта ж псіхалогія — калі штосьці не атрымліваецца, ты вяртаешся да знаёмых схемаў. А што калі зламаць вертыкаль, і зрабіць гарызанталь, калі ніжэй нікога няма. Ты стаў міністрам, усклаў на сябе абавязкі — дык цягні і адказвай, а не хтосьці іншы».
Актор прыводзіць у прыклад Японію, дзе, калі штосьці здараецца на прадпрыемстве, звальняюць не працаўнікоў, а кіраўніка, «бо гэта не працаўнік дрэнна працуе, а кіраўнік, бо ў яго такі працаўнік».
«І там ёсць павага да працы, а кіраўнік разумее сваю адказнасць. І калі адчувае, што хтосьці не спраўляецца, адпраўляе яго на вучобу. Не звальняць адразу, а падняць узровень. Бо гэта чалавек, ён можа навучыцца. Таму Японія сёння наперадзе ўсіх. І я хачу жыць у такой краіне. Як казаў герой Зяленскага ў «Слузе народу»? «Я хачу, каб міністр жыў, як настаўнік, а настаўнік — як міністр». Гэта, канешне, утопія, але ў ёй штосьці ёсць. Нам трэба зламаць вертыкаль, знайсці выхад з яе і на першае месца ставіць чалавека. Бо інакш мы зноў атрымаем рэжым, толькі іншы», — рэзюмуе беларускі актор.
Развітваемся са спадаром Ігарам на чыгуначным вакзале ў Гродзіску Мазавецкім — ён падвёз нас да прыпынку, дзе мы сустрэліся зранку, і паехаў у свой дом, дзе гаспадароў чакаюць дзве аўчаркі і кот. Актору трэба адпачываць, бо а 3‑й гадзіне раніцы зноў падымацца і ехаць у чарговы рэйс па раёне — дастаўляць людзей туды, куды ім трэба і назіраць за іхным штодзённым простым жыццём.