У цэнтры Мінска прадаюць кватэру з выхадам на дах з санвузла. Другой такой у горадзе няма
Нестандартную двухузроўневую кватэру ў сталінцы на вуліцы Камсамольскай выставілі на продаж. У ёй мансардныя вокны, столі ў самай высокай кропцы дасягаюць пяці метраў, а яшчэ ёсць камін.
Адна з ключавых фішак гэтай кватэры — уласны выхад на дах з вялізнага санвузла. Як выглядае гэта нестандартнае жыллё, піша Realt.by.
Па інтэр'еры і маштабе гэтая кватэра больш нагадвае сур'ёзны загарадны дом — тут два паверхі, амаль 170 квадратаў плошчы і свой уласны выхад на дах. Агент, які займаецца продажам, жартуе, што гэта варыянт «для багатых і прыгожых».
Але як бы гэта жыллё ні было падобнае на прыватны дом, знаходзіцца яно на пятым паверсе ў шасціпавярховай сталінцы на Камсамольскай, 29 (на ўчастку паміж праспектам Незалежнасці і вуліцай Маркса) у самым цэнтры Мінска. Дом пабудаваны ў 1917 годзе, а ў 2000‑х яго рэканструявалі — надбудавалі мансарды і зрабілі ліфты.
Агульная плошча двухпавярховай кватэры — 167 квадратаў. На жылы метраж прыходзіцца 111 метраў. На першым узроўні — гасцёўня, сумешчаная з кухняй, спальня, санвузел і гардэробная.
На падлозе ў кватэры ўкладзена паркетная дошка і плітка. Столі — шматузроўневыя, з кропкавым асвятленнем. Вышыня столяў у максімальных кропках дасягае пяці метраў. Міжпакаёвыя дзверы выкананы з масіву.
У кухні з тэхнікі ёсць варачная паверхня, духавая шафа, выцяжка, халадзільнік, пасудамыйная машына, СВЧ.
На другім узроўні размешчана майстар-спальня, яшчэ адзін жылы пакой, гардэробная і санвузел.
Санвузел па плошчы параўнальны з паўнавартасным жылым пакоем — ён займае 17,5 квадрата. Тут усталявана вялікая ванна, унітаз, гігіенічны душ. У пакоі ёсць акно і дзверы з выхадам на дах — атрымліваецца своеасаблівы балкон.
Адсюль адкрываецца вось такі від.
Кватэру ацанілі ў 459 тысяч даляраў. Квадратны метр у ёй выходзіць 2 747 даляраў.