БЕЛ Ł РУС

Каб атруціць ядам, ад якога памёр Навальны, дастаткова 1 мг. Вось што расказаў хімік, які працаваў з першаадкрывальнікам гэтага рэчыва

7.03.2026 / 21:13

Nashaniva.com

У шклянцы вады такі яд немагчыма было б адчуць.

Фота: Markus Schreiber / AP

Усяго 1 мг эпібатыдзіну, якім атруцілі расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, можа прывесці да смерці чалавека. Гэтую дозу яду немагчыма адчуць, напрыклад, у шклянцы вады, распавёў «Агенцтву» прафесар Універсітэта Індыяны Рычард Фітч, які з 1998 па 2003 год працаваў пад кіраўніцтвам першаадкрывальніка эпібатыдзіну Джона Дэйлі.

«Эпібатыдзін уяўляе сабой цвёрдае рэчыва як у форме свабоднай асновы, так і ў форме солі гідрахларыду, якая даступная ў продажы ў колькасцях, неабходных для навуковых даследаванняў», — кажа Фітч. Соль захоўвае эфектыўнасць, прынамсі, на працягу некалькіх дзён.

Рычард Фітч

Наколькі яд небяспечны для навакольных? 

«Эпібатыдзін настолькі таксічны, што пры неасцярожным абыходжанні ён уяўляе значную небяспеку для тых, хто побач. Шмат што залежыць ад таго, якая менавіта колькасць рэчыва была выкарыстаная». «Атрыманне матэрыялу ад пастаўшчыка не ўяўляла б вялікай рызыкі, бо ён, меркавана, быў бы старанна ўпакаваны. Любы момант пасля адкрыцця кантэйнера з матэрыялам ужо звязаны са значнымі рызыкамі пры маніпуляцыях… З парашкамі прасцей працаваць, але яны могуць пыліць, што можа прывесці да забруджвання іншых зон».

Але «калі чалавек не з’еў атручаную ежу або не ўкалоўся заражанай іголкай, ён, хутчэй за ўсё, не атрымае таксічную дозу», — мяркуе вучоны.

Ці ёсць антыдот?

«Эпібатыдзін уздзейнічае на нікацінавыя ацэтылхалінавыя рэцэптары і блакуецца мекаміламінам, таму апошні павінен разглядацца як чаканы антыдот… Але, што дзіўна, агульнапрынятага антыдоту ў шырокай практыцы не існуе».

Як маглі ўвесці яд?

«Усмоктванне праз скуру было б найменш эфектыўным, а ін’екцыя — найбольш эфектыўным метадам.

Пераральны прыём (з ежай — «Агенцтва») з’яўляецца найбольш практычным, улічваючы невялікую неабходную колькасць, якую, верагодна, можна было б схаваць у ежы ці напоі. Улічваючы колькасць, неабходную для таксічнасці (каля 1 мг), пры перааральным прыёме гэта было б практычна незаўважна».

Час паміж кантактам з рэчывам і першымі сімптомамі

 «Дынаміка ўздзеяння залежыць ад спосабу траплення ў арганізм. Хутчэй за ўсё падзейнічае ін’екцыя (імгненна), затым — пераральны прыём (хвіліны) і скурная абсорбцыя (гадзіны)».

Як паміраў Навальны. 16 лютага 2024 года прыкладна ў 11:30 па камерах у калоніі сталі разносіць ежу. А 12:10 Навальнага вывелі на прагулку. Падчас прагулкі палітык пастукаў у дзверы і сказаў, што яму дрэнна. А 14:23 спробы рэанімацыі спынілі.

Ці мог эпібатыдзін выклікаць смерць Навальнага з затрымкай у 2 гадзіны пасля прыёму ежы?

«Эпібатыдзін спачатку трапляе ў страўнік, кіслае асяроддзе якога абмяжоўвае ўсмоктванне. Знаходзячыся ў страўніку, ён тым не менш можа выклікаць праблемы ў брушной поласці і дрэннае самаадчуванне. Апаражненне страўніка ў кішачнік займае пэўны час — яно залежыць ад таго, што і ў якой колькасці ён еў… Калі ён усё ж трапіў у кішачнік, то пры праходжанні праз яго ён бы нейтралізаваўся, а затым лепш усмактаўся б у арганізм. Гэта магло б растлумачыць затрымку».

Сімптомы, апісаныя Юліяй Навальнай, — нервова-мышачныя і канвульсіі — адпавядаюць дзеянню эпібатыдзіну згодна з даследаваннямі на жывёлах, кажа эксперт. Ён агаварыўся, што падобныя сімптомы таксама характэрныя для цэлага шэрагу іншых рэчываў, якія ўздзейнічаюць на нервовую сістэму.

Чытайце таксама:

Рэчыва, якім забілі Навальнага, сінтэзаваў цэнтр «Сігнал». Ён жа ўдзельнічаў у атручэнні палітыка ў 2020 годзе

Навальнага атруцілі ў калоніі рэчывам эпібатыдзін — яд эквадорскай жабы. Гэта змаглі выявіць, дзякуючы біяматэрыялам, вывезеным сям'ёю

Каментары да артыкула