Трамп заявіў, што карта Ірана можа змяніцца
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аспрэчыў ідэю ўступлення курдаў у ваенную аперацыю супраць іранскага рэжыму. Пра гэта ён заявіў журналістам на борце прэзідэнцкага самалёта Air Force One у нядзелю, 8 сакавіка. Аднак зрабіў іншую двухсэнсоўную заяву.
Дональд Трамп. Фота: AP Photo / Mark Schiefelbein
Паводле слоў Трампа, курдскія атрады гатовыя зайсці на тэрыторыю Ірана, але ён нібыта асабіста загадаў ім гэтага не рабіць.
«Я сказаў ім, што не хачу гэтага. Вайна і без таго дастаткова складаная, каб яшчэ ўцягваць у яе курдаў», — падкрэсліў прэзідэнт.
Амерыканскі лідар тлумачыць сваё рашэнне рызыкай поўнага хаосу ў рэгіёне. У Вашынгтоне баяцца, што ўдзел курдаў можа справакаваць не проста змену ўлады, а маштабную грамадзянскую вайну ў Іране, якая падштурхне іншыя этнічныя групы да паўстанняў за аўтаномію. Гэта магло б ператварыць Іран у «тэрыторыю некіраванага выбуху».
У той жа СМІ з крыніцамі ў рэгіёне пісалі, што Амерыка і Ізраіль падбухторвалі курдаў да ўварвання, але тыя імкнуцца ўхіліцца ад такіх дзеянняў, бо не хочуць ахвяраваць сваімі людзьмі ў чужых інтарэсах.
Пры гэтым Трамп сказаў, што «карта Ірана можа змяніцца пасля канфлікту». Ён не канкрэтызаваў, як яна можа змяніцца. Аднак многія звярнулі ўвагу на прывядзенне войскаў Азербайджана ў поўную баявую гатоўнасць.
У амерыканскіх СМІ з'явіліся таксама меркаванні, што ЗША могуць захапіць востраў Харк у Персідскім заліве, праз які праходзіць 90% нафты, якую экспартуе Іран.
Трамп таксама заявіў, што яму больш не патрэбна вайсковая дапамога Вялікабрытаніі на Блізкім Усходзе, паколькі ЗША, на яго думку, ужо перамаглі ў вайне супраць Ірана.
Паводле паведамленняў іранскіх дзяржаўных СМІ, Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі ўжо нанёс шэраг удараў па курдскіх пазіцыях у іракскім Курдыстане. Тэгеран паабяцаў раздавіць любыя групоўкі, якія паспрабуюць замахнуцца на тэрытарыяльную цэласнасць краіны.
5 сакавіка два беспілотнікі, запушчаныя з тэрыторыі Ірана, атакавалі азербайджанскі анклаў Нахічэвань. Адзін з іх трапіў у будынак тэрмінала міжнароднага аэрапорта, які знаходзіцца прыкладна за дзесяць кіламетраў ад мяжы, другі ўпаў побач са школай у сяле Шакарабад. У выніку пацярпелі два чалавекі, а будынак аэрапорта атрымаў пашкоджанні.
Міністэрства замежных спраў Азербайджана назвала гэты напад грубым парушэннем міжнароднага права. Пасла Ірана выклікалі для ўручэння ноты пратэсту, а Баку запатрабаваў ад Тэгерана правесці расследаванне і даць гарантыі, што падобныя выпадкі не паўторацца.
У Міністэрстве абароны Азербайджана заявілі, што атакі на цывільную інфраструктуру не застануцца без адказу і паабяцалі прыняць меры для абароны суверэнітэту краіны, насельніцтва і важных аб’ектаў.
Разам з тым раней Ільхам Аліеў асабіста наведаў пасольства Ірана ў Баку, каб выказаць спачуванні ў сувязі са смерцю вярхоўнага лідара аяталы Алі Хаменеі, які загінуў у выніку амерыкана-ізраільскіх удараў.
Як паведамляла Financial Times, яшчэ да цяперашняга крызісу на Блізкім Усходзе ў Іране быў распрацаваны план на выпадак вайны, які прадугледжвае ўдары па энергетычных аб’ектах суседніх краін з мэтай стварыць хаос у рэгіёне і аказаць ціск на Захад.
У Іране жыве вельмі шмат азербайджанцаў, гэта найбуйнейшая этнічная меншасць краіны, колькасць якой, па розных ацэнках, складае ад 15 да 20 мільёнаў чалавек (прыкладна 16—25% насельніцтва Ірана). Гэта у паўтара ці два разы больш, чым насельніцтва Азербайджана (каля 10 мільёнаў).
Асноўная частка азербайджанскага насельніцтва жыве на паўночным захадзе Ірана, у рэгіёне, які гістарычна называюць Паўднёвым Азербайджанам. Ён мяжуе з Азербайджанскай Рэспублікай.
Падзел азербайджанскага этнасу адбыўся ў пачатку XIX стагоддзя ў выніку расійска-персідскіх войнаў. Паводле Гюлістанскага (1813) і Туркманчайскага (1828) дагавораў тэрыторыя была падзелена па рацэ Аракс. Паўночная частка тады адышла да Расійскай Імперыі (цяпер незалежны Азербайджан), а паўднёвая частка засталася ў складзе Персіі (цяпер Іран).
Азербайджанскае пытанне ў Іране падчас Другой сусветнай вайны, а асабліва пасля яе спрабаваў выкарыстаць Сталін. У 1941 годзе туды ўвялі савецкую 47‑ю армію, а прапагандысты, якіх з Баку накіроўваў 1‑ы сакратар ЦК КП Азербайджана Мір-Джафар Багіраў, актыўна распаўсюджвалі ідэі паназербайджанізму.
У жніўні—верасні 1945 года была створана Дэмакратычная партыя Азербайджана. 26 лістапада 1945 года пад кантролем савецкіх войскаў адбыліся выбары ў Нацыянальны меджліс Іранскага Азербайджана, на якіх перамагла гэтая партыя. 12 снежня было абвешчана пра стварэнне Дэмакратычнай Рэспублікі Азербайджан. Прыкладна ў той жа час, у студзені 1946 года, у Іранскім Курдыстане была абвешчаная такая ж марыянеткавая Мехабадская рэспубліка.
Аднак план Масквы стварыць у Іранскім Азербайджане залежную дзяржаву не ўдалося рэалізаваць. У маі 1946 года Сталін пад ціскам ЗША і Вялікабрытаніі вывеў савецкія войскі з Ірана. Пасля гэтага лёс створаных саветамі рэспублік фактычна быў вырашаны — неўзабаве іранскія войскі ўзялі іх тэрыторыю пад кантроль, а лідары рэспублік былі ці рэпрэсаваныя, ці збеглі ў СССР. Пасля таго пытанне азербайджанскага аб'яднання на сур'ёзным узроўні больш ніколі не падымалася.
Азербайджанскія карані маюць адзін з лідараў іранскай апазіцыі Мірхасэйн Мусаві і знакаміты іранскі кінарэжысёр Джафар Панахі. Праўда, далёка не ўсе людзі цюркскіх каранёў у Іране захавалі азербайджанскую ідэнтычнасць.