БЕЛ Ł РУС

Святлана Ціханоўская назвала беларусак, якія сталі для яе прыкладам

8.03.2026 / 09:59

Nashaniva.com

«Мяне натхняюць тыя, хто не апускае рук».

Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс палітыка

У Святланы Ціханоўскай «Белсат» спытаў, ці ёсць беларускі, якія асабліва паўплывалі на яе або якіх яна лічыць важнымі прыкладамі для краіны.

— Безумоўна, на мяне паўплывалі многія беларускі. Гэта не абавязкова тыя, каго можна назваць прыкладам для ўсёй краіны, але для мяне асабіста — так. Сваімі ўчынкамі, чалавечнасцю. Напрыклад, бабуля Аня (Ганна Канавалава). Калі бацькі яе ўнукаў апынуліся ў турме, яна спачатку ўзяла на выхаванне іх, а потым яшчэ і іншых дзяцей, у якіх узніклі праблемы з бацькамі. Для мяне гэта прыклад адказнасці і любові.

Вялікае ўражанне на мяне зрабіла і Маргарыта Ляўчук — сваёй энергіяй, адкрытасцю і пазітывам. Каця Сныціна таксама натхняе: яе ініцыятыва гуляць у баскетбол аб’яднала людзей і стварыла супольнасць.

Мяне ўвогуле вельмі натхняюць людзі, якія не апускаюць рук: Ірына Маклейн, Галіна Казіміроўская з «Вольнага хору», Каця Андрэева, Наталля Пінчук — пералічыць усіх немагчыма.

Таму, напэўна, лепш сказаць так: мяне натхняюць усе беларускі, якія, нягледзячы на цяжкасці, не адчайваюцца і працягваюць рабіць сваю справу, — адказала Ціханоўская.

Ціханоўская адзначыла, што выдатных жанчын у нашай гісторыі і сучаснасці столькі, што любы спіс будзе несправядлівым.

— Заўсёды ўзнікнуць пытанні: чаму менавіта яна? Чаму пра іншую забыліся? — кажа Святлана.

Для яе важна, гаворыць яна, прызнаваць уклад кожнай.

— Усе беларускі вельмі розныя, і гэта не можа не захапляць. І мне б вельмі хацелася, каб кожная зразумела, якая яна класная, цікавая, таленавітая і непаўторная, — кажа Ціханоўская.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула