БЕЛ Ł РУС

У Беларусі здымуць серыял аб праблемах у сем'ях сілавікоў у 2020 годзе

9.03.2026 / 12:42

Nashaniva.com

«Сцэнарый прабівае на слязу», — запэўнівае міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

У Беларусі рыхтуюцца да здымак маштабнага прапагандысцкага серыяла, які павінен стаць падарункам да 110‑годдзя міліцыі. Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў анансаваў 24 серыі, піша Sputnik.

«Мы ўнеслі прапанову, я спадзяюся, што ў нас атрымаецца, бо аб'ём працы вельмі вялікі. Пачынаюцца ў гэтым годзе здымкі мастацкага фільма, прысвечанага беларускай міліцыі, 24 серыі на 3 сезоны. Фільм будзе называцца «Слова афіцэра». Ён будзе прысвечаны дынастыям беларускіх міліцыянераў, пачынаючы з 1941 года і па 2020-ы», — сказаў Кубракоў.

Паводле яго слоў, у цяперашні час ідзе праца над сцэнарыем, у серыяле пакажуць жыццё міліцыянераў і іх сем'яў. Па словах Кубракова, ужо гатовы сцэнарый для чатырох серый, атрымліваецца «жыццёва».

Шматсерыйны фільм павінен ахапіць вялікі перыяд, пачынаючы з 1941 года. У тым ліку ў серыяле будзе паказаны і 2020 год і тыя пытанні, якія «ўзнікалі ў сем'ях праваахоўнікаў на фоне выканання імі свайго службовага абавязку».

Кубракоў дадаў, што серыял павінен атрымацца цікавым, а сцэнарый «прабівае на слязу».

Прэм'ера запланавана на 4 сакавіка 2027 года — у дзень 110‑годдзя міліцыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула