БЕЛ Ł РУС

«Першы раз такое бачу». Мінчанка здзівілася адсутнасці звычайных цэннікаў у краме «Еўраопта»

9.03.2026 / 14:11

Nashaniva.com

Жанчына заўважыла ў Мінску ў адной з крам сеткі «Еўраопт» незвычайную для яе з’яву. На некаторых таварах замест цэнніка былі незразумелыя папярэднія чэкі. Пакупніцу гэта вельмі здзівіла, піша «Тэлеграф».

«Што адбываецца ў «Еўраопце»? Я першы раз такое бачу. Я не ведаю, як гэта называецца і наогул ці можна так рабіць. Увогуле, на вось гэтых прадуктах да 8 сакавіка няма цэнніка, але ёсць вось такі чэк», — кажа аўтар відэароліка, апублікаванага ў тыктоку.

Жанчына выказала здагадку, што папярэдняя цана на прадчэку можа на касе змяніцца, «улічваючы, што тут напісана, што канчатковы кошт вызначаецца на касе».

Паводле яе слоў, такая ж сітуацыя была і з кветкамі ў краме, дзе на букетах была пазначана папярэдняя цана.

Відэа выклікала шквал каментарыяў. Адны выказалі здагадку, што адсутнасць чэкаў — не самы сумленны падыход. Іншыя ж сталі на бок крамы.

«Гэта ў гандлі называецца адкладзены чэк. Усё законна, ён яшчэ не прабіты і не аплачаны», — напісаў адзін каментатар.

Іншы нагадаў, што ў гэтай сітуацыі няма нічога незвычайнага: «У Мінску даўно такое ёсць. Сутнасць у тым, што на момант зборкі цэннік на тавары — вось такі. Пры гэтым праз два дні нейкі тавар можа патаннець або падаражэць. Не будуць жа яны бегаць і ўсё пералічваць дзесяць разоў. Выдатны варыянт — прыкладны цэннік ведаеш. Плюс-мінус будзе нязначны».

«Гэта чэк з касы самаабслугоўвання, калі націскаеш «Аплата наяўнымі», а папярэдняя, хутчэй за ўсё, таму што калі прад’явіць дысконтную карту, то пры спісанні бонусаў пры іх наяўнасці сума можа змяніцца», — выказала здагадку яшчэ адна чытачка.

Былі і такія, хто заклікаў МАРГ заняцца дадзенай сітуацыяй і выказацца, наколькі практыка адсутнасці цэннікаў і замена іх такімі папярэднімі чэкамі легальная.

У адказ, праўда, нехта абурыўся, што нейкімі чэкамі выклікалі такі ажыятаж: «Нашаму народу не дагадзіць… Людзі не разумеюць, што цана можа за дзень памяняцца: з раніцы даражэй, пасля абеду ўжо танней. Гэта камп’ютарная сістэма ў гандлі!!! Няўжо не зразумела… Вам праб’ецца правільная цана на той момант, як вы будзеце купляць… А наконт праверак — МАРГ ці яшчэ іншых правяраючых органаў — іх і так хапае. Ніводнае прадпрыемства не правяраюць так часта і старанна, як крамы».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула