БЕЛ Ł РУС

Мінчук распыліў балончык у бок дзяўчат, што спявалі расійскі хіт «Матушка-зямля»

10.03.2026 / 10:44

Nashaniva.com

Віны ён не прызнаў, яму пагражае да 10 гадоў.

Здарэнне адбылося ў снежні. Кампанія калег адпачывала ў кавярні на Партызанскім праспекце.

Бліжэй да паўночы дзяўчаты сабраліся сыходзіць. У гардэробе яны сталі спяваць хіт Таццяны Куртуковай «Матушка-зямля». Да іх падышоў наведвальнік установы ў стане алкагольнага ап’янення і стаў нібыта дакараць, што яны падтрымліваюць Лукашэнку, пішуць «Мінск-навіны».

Дзяўчаты нібыта пацвердзілі гэта і накіраваліся ў бок прыпынку грамадскага транспарту чакаць таксі.

Затым да іх падышоў мужчына і распыліў у іх бок газавы балончык, пасля чаго сышоў. Калегі, якія падаспелі, выклікалі хуткую дапамогу. Адну з пацярпелых даставілі ў бальніцу, дзе ёй аказалі неабходную дапамогу.

Хулігана пасля затрымалі, у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу.

Ім аказаўся родны дзядзька таго мужчыны, які спачатку выставіў дзяўчатам прэтэнзіі адносна спеву. У момант здзяйснення злачынства яго пляменнік ужо паехаў дадому.

— Абвінавачаны раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, — пракаментавала намеснік пракурора Заводскага раёна Алена Альхоўская. — Яму выстаўлена абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства), санкцыя якога — да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Віну грамадзянін не прызнаў.

«Матушка-зямля» адзін з хітоў у сучаснай Расіі. Песню выконвае Таццяна Куртукова.

На песню створана два кліпы. У першым, 2022 года, Куртукова выконвае песню на белым фоне, апранутая ў народны строй. У версіі 2024 года відэа спявачка паказваецца ў традыцыйных касцюмах народаў Расіі: бурацкім, кумыкскім, ненецкім і рускім.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула