У Бабруйску айчым уцягнуў непаўналетняга пасынка ў гандаль наркотыкамі. Абодва атрымалі вялізарныя тэрміны
17‑гадовы пасынак пазначаў у мабільнай праграме месцы закладак.
33‑гадовы мужчына, працуючы закладчыкам на інтэрнэт-краму, уцягнуў у злачынную справу свайго 17‑гадовага пасынка, паабяцаўшы падлетку грошы і «частаванне» псіхатропамі.
З мая 2025 года сямейны тандэм паспеў размясціць на тэрыторыі Магілёўскай вобласці каля 80 тайнікоў з асабліва небяспечнымі рэчывамі 4‑СМС і альфа-PVP.
Паводле следства, дзейнасць сваякоў прывяла да рэальнай смерці: адзін з кліентаў памёр ад атручвання пасля ўнутрывеннага ўжывання набытага наркотыку.
Следства ўстанавіла, што роля падлетка заключалася ў фіксацыі каардынат закладак у мабільным дадатку.
У судзе мужчына цалкам адмаўляў віну, а хлопец прызнаў яе толькі часткова.
Рашэннем суда айчым атрымаў 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры звыш 11 тысяч рублёў (250 базавых велічынь). Яго непаўналетняга пасынка асудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Прысуд можа быць абскарджаны.