БЕЛ Ł РУС

ЗША просяць Ізраіль спыніць удары па энергетычнай інфраструктуры Ірана. На гэта ёсць тры прычыны

11.03.2026 / 00:11

Nashaniva.com

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа папрасіла Ізраіль устрымацца ад далейшых удараў па энергетычнай інфраструктуры Ірана, у тым ліку па нафтавых аб’ектах. Пра гэта паведамляе выданне Axios са спасылкай на крыніцы. Паведамленне было перададзена ізраільскаму кіраўніцтву і начальніку штаба Арміі абароны Ізраіля Эялю Заміру.

Фота: AP Photo/Mohsen Ganji

Паводле інфармацыі крыніц, Вашынгтон назваў тры асноўныя прычыны такой просьбы.

Па-першае, удары па энергетычных аб’ектах наносяць шкоду звычайным жыхарам Ірана, многія з якіх выступаюць супраць дзейнага рэжыму.

Па-другое, Дональд Трамп разглядае магчымасць супрацоўніцтва з іранскім нафтавым сектарам пасля заканчэння вайны, падобна да палітыкі, якую ён раней праводзіў у адносінах да Венесуэлы.

Па-трэцяе, такія атакі могуць справакаваць Іран на масаваныя ўдары ў адказ па энергетычнай інфраструктуры краін Персідскага заліва.

Журналісты адзначаюць, што раней Тэгеран ужо спрабаваў атакаваць энергетычныя аб’екты ў гэтым рэгіёне з дапамогай беспілотнікаў, аднак значных пашкоджанняў тады не было. У ЗША асцерагаюцца, што новыя ўдары па іранскай нафце могуць змяніць сітуацыю і прывесці да росту сусветных цэн нафты.

Паводле крыніц, Трамп разглядае атакі на нафтавую і энергетычную інфраструктуру Ірана як крайні варыянт, які варта выкарыстоўваць толькі ў тым выпадку, калі Іран першым ударыць па нафтавых аб’ектах у краінах Персідскага заліва. Ён таксама папярэдзіў, што калі Іран нанясе шкоду сусветным пастаўкам нафты, адказ ЗША будзе «ў 20 разоў мацнейшы».

Раней паведамлялася, што 7 сакавіка ізраільскія вайскова-паветраныя сілы наносілі ўдары па нафтавых аб’ектах у Тэгеране. Паводле ізраільскіх СМІ, гэта мог быць першы выпадак падчас цяперашняй вайны, калі Ізраіль атакаваў нафтавую інфраструктуру непасрэдна на тэрыторыі Ірана.

На гэтым фоне спецпрадстаўнікі прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер плануюць наведаць Ізраіль для перамоў наконт далейшых дзеянняў.

Супольная вайсковая аперацыя ЗША і Ізраіля супраць Ірана пачалася 28 лютага. У выніку авіяўдараў быў ліквідаваны вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі. У адказ Іран выпусціў балістычныя ракеты па Ізраілі і шэрагу краін Блізкага Усходу, а таксама паведамляў пра атакі на амерыканскія вайсковыя базы.

Чытайце таксама:

«Самы інтэнсіўны дзень удараў». Пентагон анансаваў маштабную атаку па аб’ектах у Іране

Падчас бамбардзіровак Ірана амерыканцы не кранаюць маленькі востраў — галоўную нафтавую артэрыю. Чаму?

Цана Brent адкацілася да $90 за бараль на фоне абяцанняў Трампа хутка скончыць вайну супраць Ірана

Амерыканская разведка даведалася пра пачатак мінавання Армузскага праліва

Каментары да артыкула