БЕЛ Ł РУС

Вызваленая 13 снежня палітзняволеная не ведала, што цяжарная: пра дзіця яна даведалася на пятым месяцы

11.03.2026 / 12:38

Nashaniva.com

Карына правяла ў зняволенні 1 год і 2 месяцы. 13 снежня яе разам з групай палітвязняў вывезлі з Беларусі — спачатку ва Украіну, а затым у Польшчу, пасля чаго дзяўчына пераехала ў Германію. Ужо пасля вызвалення высветлілася, што жанчына была цяжарнай. Зараз яна на пятым месяцы і чакае сына, піша канал «Розовые Косынки».

Фота: vecteezy.com

Карына распавядае, што падчас зняволення ў яе амаль год не было менструацыі. Яна звязвала гэта са стрэсам і праблемамі са здароўем, якія пачаліся пасля ўтрымання на Акрэсціна.

«На ІЧУ Акрэсціна я моцна пераахаладзілася — ляжала на падлозе ў адной майцы і тонкіх штанах. Гэта быў канец верасня, ацяплення яшчэ не было. Пазней, калі мяне вазілі з СІЗА да ўрача ў горадзе, мне паставілі аднексіт — запаленне. Таму практычна год не было месячных, і я думала, што гэта з-за пераахаладжэння і стрэсу».

Восенню 2025 года ў дзяўчыны было спатканне з мужам. Праз месяц пасля гэтага Карына звярнулася да гінеколага ў СІЗА. Яе непакоілі моцныя болі ў грудзях і пацягванне ўнізе жывата.

«Я сказала, што грудзі баляць так, што да іх немагчыма дакрануцца, і што цягне ніз жывата, нібыта вось-вось пачнуцца месячныя, але яны не прыходзяць. Гэта была мая другая цяжарнасць, і я разумела, што гэта могуць быць яе прыкметы. Я вельмі прасіла зрабіць тэст».

Тэст ёй не далі, але адправілі на УГД.

«Доктар доўга глядзела і сказала, што па фалікуле відаць: месячныя пачнуцца літаральна праз пару дзён.

Яна сказала, што я на сто адсоткаў не цяжарная і ўсё гэта з-за стрэсу».

Карына ўспамінае, што тады засмуцілася — ёй было складана прыняць, што інтуіцыя яе падвяла.

«Пасля спаткання мне прысніўся сон, што я лаўлю рыбу. Я падумала, што гэта знак цяжарнасці, але вырашыла, што проста накруціла сябе».

Праз тыдзень яна зноў прыйшла да ўрача: месячныя так і не пачаліся, боль у грудзях не праходзіў. Яна зноў папрасіла тэст.

«Мне сказалі, што грудзі баляць з-за вітамінаў, якія я прымала, а затрымка — з-за стрэсу. Прызначылі прэпарат для нармалізацыі цыкла і сказалі папрасіць родных даслаць яго ў медбандэролі. Мяне запэўнілі, што на УГД цяжарнасць дакладна ўжо было б відаць».

Пасля гэтага Карына перастала настойваць. Пра цяжарнасць яна даведалася ўжо пасля вызвалення — на пятым месяцы.

«У мяне пачаў нібы напухаць жывот. Спачатку я думала, што проста паправілася менавіта ў жываце. Яшчэ адчувала пульсацыю — нават жартавала мужу, што ў мяне нібы кішкі варушацца. Я гугліла, і там пісалі, што гэта можа быць пульсацыя брушной аорты і трэба ісці да доктара».

Менструацыі ўсё яшчэ не было, і Карына вырашыла купіць гамеапатычныя кроплі для аднаўлення цыкла. У інструкцыі было пазначана, што пры затрымцы пажадана зрабіць тэст на цяжарнасць.

«Я падумала: ну мала лі, раптам я зацяжарала ўжо пасля таго, як прыехала да мужа ў Германію».

Тэст паказаў дзве палоскі. Карына была ўпэўненая, што тэрмін зусім маленькі — два-тры тыдні. Яна запісалася да гінеколага.

«Урач сказала, што пры такім тэрміне будзе вагінальнае УГД. Але калі пачала глядзець, раптам сказала: «Не, тэрмін вялікі. Ужо другі трыместр».

Я тады не адчула радасці. Я вельмі спужалася. Таму што за гэты час было шмат нагрузак: на інвентарных работах я цягала камяні, насіла цяжкія сумкі. У першым трыместры хварэла на грып і бранхіт, прымала лекі, якія цяжарным нельга. Плюс пастаянны стрэс і пераезды — Беларусь, Украіна, Польшча, Германія — усё за кароткі час».

Падчас агляду доктар доўга маўчала.

«Гэтыя хвіліны былі вельмі страшнымі. А потым яна сказала: усё добра. Паказала сэрцайка і дала паслухаць, як яно б'ецца. Я некалькі разоў перапытала, ці дакладна ўсё ў парадку, і яна мяне запэўніла, што так».

Карына кажа, што сама цяжарнасць стала для яе радаснай навіной — яна хацела другое дзіця.

«Шокам быў менавіта тэрмін. І яшчэ крыўда — што гэтага не ўбачылі на УГД або, магчыма, не захацелі ўбачыць».

Зараз яна кажа, што зрабіла для сябе важную выснову:

«Я дакладна зразумела, што трэба давяраць сваёй інтуіцыі. Нават спецыяліст можа памыліцца. Трэба прыслухоўвацца да свайго арганізма і знакаў — а іх было вельмі шмат».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула