Ці даваць Колю Лукашэнку дадатковую стыпендыю, будзе вырашаць яго маці і нявестка Ганна Сялук
Іх уключылі ў раду, якая размяркоўвае стыпендыі.
Фота: скрыншот відэа, sb.by
Каму з таленавітай моладзі выдзяляць дадатковыя стыпендыі і гранты са спецфонду Лукашэнкі, цяпер будзе вырашаць адзіная Рэспубліканская рада па падтрымцы адоранай моладзі. Гэта прадугледжана Указам ад 5 сакавіка. Раней такіх структур было чатыры.
Старшынёй Рэспубліканскай рады прызначылі старшыню Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Караніка. Стала вядома, хто яшчэ ўвайшоў у склад.
Сярод імёнаў — Ірына Абельская (маці Мікалая Лукашэнкі і галоўная доктарка Рэспубліканскага клінічнага медцэнтру) і Ганна Лукашэнка (вядомая як Сялук, старшыня рады дырэктароў «Музычнай медыякампаніі»).
Уключылі таксама гендырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Вадзіма Гігіна, дырэктара Мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алега Румо, старшыню аб'яднання «Веды» Аляксея Аўдоніна, першага намесніка старшыні праўлення Нацбанка Аляксандра Ягорава.
У раду ўвайшлі таксама некалькі чыноўнікаў, прадстаўнікоў універсітэтаў, навукоўцаў.
Адзначым, што Коля Лукашэнка, які вучыцца на біяфаку БДУ, атрымлівае стыпендыю са спецфонду бацькі з першага курса. Цяпер малодшы сын Лукашэнкі на чацвёртым, апошнім, курсе. Калі ён вырашыць працягнуць навучанне ў магістратуры, ці даваць яму стыпендыю, будуць вырашаць у тым ліку яго маці і жонка брата. З улікам таго, што Лукашэнка абмяркоўваў стварэнне праграмы магістратуры паміж Пекінскім універсітэтам і БДУ, такі варыянт цалкам верагодны.