БЕЛ Ł РУС

Венгрыя вярнула Украіне інкасатарскія аўтамабілі, але без грошай

12.03.2026 / 23:32

Nashaniva.com

Венгрыя вярнула ўкраінскаму дзяржаўнаму банку «Ашчадбанк» інкасатарскія аўтамабілі, якія раней былі затрыманыя, але без грошай і каштоўнасцяў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: УНІАН

Паводле паведамлення банка, машыны ўжо перадалі прадстаўнікам установы і ўкраінскім дыпламатам. Разам з імі вярнулі і частку асабістых рэчаў сямі супрацоўнікаў інкасатарскай брыгады.

Аўтамабілі былі затрыманыя Нацыянальнай падатковай і мытнай службай Венгрыі, але цяпер іх вярнулі законным уладальнікам.

Пасля агляду высветлілася, што ў машынах ёсць пашкоджанні абсталявання. Юрысты банка на месцы зафіксавалі ўсе выяўленыя няспраўнасці. Калі транспарт вернуць ва Украіну, будзе праведзена дадатковая ацэнка нанесеных страт.

Пры гэтым грошы і каштоўнасці, якія знаходзіліся ў інкасатарскіх аўтамабілях, Венгрыя пакуль не вярнула. Паводле інфармацыі банка, гаворка ідзе пра каля 40 мільёнаў даляраў, 35 мільёнаў еўра і 9 кілаграмаў банкаўскага золата.

Інцыдэнт адбыўся 5 сакавіка, калі ў Венгрыі затрымалі ўкраінскіх інкасатараў, што ехалі на службовых машынах з Аўстрыі ва Украіну і перавозілі наяўныя грошы ў межах супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі банкамі. Венгерскія ўлады заявілі, што канфіскацыя сродкаў стала адказам на нібыта блакаванне Украінай працы нафтаправода «Дружба», і што інкасатары падазраюцца ў адмыванні грошай.

10 сакавіка ўрад Венгрыі прыняў рашэнне, якое дазваляе захоўваць канфіскаваныя грошы і залатыя зліткі не менш як 60 дзён. Дакумент падпісаў прэм’ер-міністр краіны Віктар Орбан.

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў адказ заявіў, што дзеянні венгерскіх уладаў можна разглядаць як дзяржаўны эканамічны ціск і фактычна «дзяржаўны тэрарызм».

Чытайце таксама:

У Будапешце затрымалі сем супрацоўнікаў украінскага Ашчадбанка з дзясяткамі мільёнаў даляраў

Затрыманыя ў Будапешце інкасатарскія машыны ўкраінскага Ашчадбанка знаходзяцца на тэрыторыі Антытэрарыстычнага цэнтра Венгрыі

У Венгрыі патлумачылі затрыманне супрацоўнікаў украінскага Ашчадбанка адмываннем грошай

Улады Венгрыі перадалі Украіне раней затрыманых інкасатараў

Каментары да артыкула