Сям’я Вані Сцяцэнкі, які праходзіў рэабілітацыю ў Дубаі, тэрмінова вярнулася дамоў
Хлопчык не паспеў прайсці рэабілітацыю з-за сітуацыі ў Персідскім заліве.
Гродзенец Ваня Сцяцэнка, якому збіралі грошы на лячэнне ад міядыстрафіі Дзюшэна, атрымаў неабходны прэпарат у Дубаі, аднак не змог цалкам прайсці там рэабілітацыю — сям’я была вымушаная вярнуцца дамоў. Бацькі хлопчыка вырашылі, што заставацца ў Эміратах небяспечна. Пра ад’езд мама Вані Аляксандра распавяла ў інстаграме:
«Мы пакінулі ўсё і зляцелі. Аб адзінаццатай гадзіне вечара мы выпадкова даведаліся пра адмену нашага рэйсу на 26 сакавіка. 11 сакавіка апошні вывазны і адмена ўсіх палётаў да канца сакавіка. Спантаннае рашэнне, мяняем квіток і злятаем, апошнія 5 квіткоў, кошт у 2 разы большы, але нам мяняюць без даплаты. <…>. Ванька і так напужаны пасля гіпсу, аслабеў + перыядычныя выбухі».
Жанчына таксама зазначыла, што да апошняга сумнявалася ў правільнасці рашэння ляцець, бо Ваня так і не прайшоў рэабілітацыю, якая была яму прызначаная. Каля аэрапорта ўпалі дроны, пасажыраў эвакуявалі ў падвал, самалёт затрымалі на тры гадзіны, давялося даплаціць за валізкі і гатэль.
Сям’я Сцяцэнка прыляцела ў Дубай у снежні 2025 года. У мясцовай клініцы ў лютым 2026 года Вані ўвялі неабходны прэпарат Elevidys, які каштаваў 2,9 мільёны даляраў.
Раней Аляксандра Сцяцэнка расказвала, што пасля ўдараў 1 сакавіка ў клініцы на дзень адмянілі прыём для бяспекі маленькіх пацыентаў. Зараз, па яе словах, усё ціха, але сёння ўначы ўсё ж прыходзілі трывожныя (і вельмі гучныя) апавяшчэнні на тэлефоны.
«Проста зараз ціха. Але нервова, — расказвала беларуска. — Чытала ў навінах, што сёння ў прамысловым раёне Фуджэйры быў нафтавы пажар праз абломкі дрона, але быццам бы пацярпелых няма. Не ведаю, ці патушылі ўжо. У нас тут, вядома, нічога не было чуваць, гэта больш за 200 кіламетраў адлегласць.
Затое мы пад канец адпачынку даведаліся, што ў Эміратах няма сховішчаў, наогул. Лепш бы і далей жылі без гэтых ведаў. У якасці сховішча — падземныя паркоўкі або метро, ці проста калі абвяшчаюць трывогу, кажуць заставацца ў гатэлі. Ну, мы і сядзім. Крамы і рэстараны працуюць як звычайна».
Нагадаем, што са зборам быў звязаны скандал — па падазрэнні ў махлярстве былі затрыманыя два блогеры — Міхаіл Драгун і Яўгенія Тарасенка, якія выклікаліся дапамагчы і таксама пачалі збіраць грошы. З сабраных 1,5 мільёнаў рублёў маме хлопчыка яны аддалі 200 тысячаў. Каля мільёну рублёў патрацілі на сябе. Супраць блогераў распачатая крымінальная справа. Суму, якой не хапала, пакрылі за кошт сродкаў блогераў.