БЕЛ Ł РУС

З эфіру АНТ выразалі словы Лукашэнкі пра тое, што вызваленыя палітвязні змогуць застацца ў Беларусі

14.03.2026 / 16:14

Nashaniva.com

Падчас паездкі ў Дрыбінскі раён Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў тэму вызвалення палітвязняў і перамовы з ЗША. Але яго словы па-рознаму падалі дзяржаўныя рэсурсы.

Аляксандр Лукашэнка. 26 лютага 2026. Фота: AP Photo / Pavel Bednyakov, Pool

Як вядома, учора Лукашэка інспектаваў гаспадаркі Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. У размове з журналістамі ён пракаментаваў перамовы з ЗША наконт вызвалення зняволеных. 

У арыгінальнай версіі, якую апублікаваў тэлеграм-канал «Пул Першага», гучыць:

«Закон для ўсіх адзіны. Парушыў закон — ідзі. Вось такая шчырая размова. Хочуць застацца [у Беларусі] — калі ласка. Але ў межах наяўнага прававога поля. Тыя, хто нам не патрэбны, ці будуць сядзець, ці вы ў Амерыку іх забераце. Зусім шчыра кажу».

У адпаведным матэрыяле дзяржаўнага агенцтва БелТА, чытаем:

«Ён падкрэсліў, што з Беларусі такі людзей не выганяюць, але яны павінны выконваць закон. (…) «Хочуць застацца — калі ласка. Але ў межах наяўнага прававога поля».

А вось гледачы праграмы «Нашы навіны» на АНТ у пятніцу ўбачылі зусім іншую карцінку. Словы пра тое, што вызваленыя людзі могуць застацца ў Беларусі, проста выкінулі. Замест гэтага ў эфір пайшла толькі жорсткая частка спіча:

«Тыя, хто нам не патрэбны, ці будуць сядзець, ці вы ў Амерыку іх забераце. Зусім шчыра кажу. Я не хачу, каб яны зноўку бегалі, кідалі каменні ці яшчэ нешта ў іх. Я не хачу. Я павінен забяспечыць сваю бяспеку, свайго народа і сваёй дзяржавы».

Варыянт «не хапіла часу» адпадае адразу. Як вядома, сюжэты пра Лукашэнку на дзяржТБ могуць ісці і па 40 хвілін. На працяглыя развагі дыктатара звычайна знаходзіцца час. Значыць, гэты мантаж зроблены знарок.

Адметна, што ў навінах на «Беларусь 1» гэтыя словы Лукашэнкі вырашылі не цэнзураваць.

Чытайце таксама:

Лукашэнка пра вызваленне палітвязняў: Хочуць застацца ў Беларусі — калі ласка

Каментары да артыкула