БЕЛ Ł РУС

У Пінску падчас рамонту дарогі пад асфальтам знайшлі старадаўні брук

14.03.2026 / 18:12

Nashaniva.com

Падчас рэканструкцыі вуліцы Брэсцкай у Пінску рабочыя знайшлі пад пластом асфальту і грунту стары каменны брук. Знаходку выявілі будаўнікі, якія працуюць на чарговым этапе мадэрнізацыі галоўнай гарадской магістралі, піша выданне «Медыя-Палессе».

Фота: ААТ «Будтрэст №2»

Спецыялісты мяркуюць, што гэты брук з’явіўся яшчэ ў міжваенны перыяд, калі тэрыторыя ўваходзіла ў склад Польшчы, то-бок да 1939 года. Такія дарогі ў народзе часта называюць «трылінкай» або «польскай дарогай». Каб падрыхтаваць аснову для новай сучаснай дарогі, старажытнае пакрыццё цяпер разбіраюць.

Вуліца Брэсцкая лічыцца адным з найстарэйшых заходніх напрамкаў горада. Гісторыкі адзначаюць, што дарога на гэтым месцы існавала яшчэ ў канцы XV стагоддзя. Тут знаходзілася Берасцейская брама, праз якую падарожнікі выязджалі на Вялікую Берасцейскую дарогу.

Сучасны выгляд вуліца пачала набываць у XIX стагоддзі, калі Пінск развіваўся як прамысловы цэнтр. Побач з дарогай з’явіліся запалкавая фабрыка, фанерны і лесапільны заводы. Але доўгі час дарога заставалася ў дрэнным стане: пасля дажджоў яна ператваралася ў балота. Таму ў пачатку ХХ стагоддзя каменны брук стаў важным рашэннем, бо дазволіў забяспечыць рух транспарту да прадпрыемстваў.

Цяпер на месцы старой дарогі будуюць больш шырокую і сучасную магістраль. А знойдзены фрагмент маставой стаў напамінам пра гісторыю развіцця Пінска і пра тое, як горад паступова ператвараўся ў прамысловы цэнтр.

Чытайце таксама:

Ва Уруччы высекуць сквер пад праваслаўную царкву. Натхняліся раннехрысціянскай архітэктурай Рыма

Пад Мінскам хочуць стварыць музей крыжоў пад адкрытым небам. Знайшлося месца і для вусатай бабы

Сакрэты пабудовы першага Менска: польскія тэхналогіі і святыя дрэвы для сцен

У Брэсце пры саветах яўрэйскія могілкі закаталі пад стадыён. Цяпер там адкрылі першы ў краіне лапідарый. Але хто зруйнаваў могілкі, хаваюць

Каментары да артыкула