Старшы трэнер зборнай Украіны па спартыўнай гімнастыцы таемна пераехаў у Беларусь
Старшы трэнер зборнай Украіны па спартыўнай гімнастыцы, заслужаны трэнер Украіны Вячаслаў Лаўрухін перастаў выходзіць на сувязь, а потым раптам апынуўся ў Беларусі, піша «Трыбуна».
Пра пераезд Лаўрухіна паведаміла віцэ-прэзідэнтка Украінскай федэрацыі гімнастыкі Стэла Захарава.
«Ён быў старшым трэнерам зборнай. Федэрацыя рабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб яго рэкамендаваць на гэтую пасаду і ні ў якім разе не страціць аднаго з вядучых трэнераў і даць яму магчымасць працаваць. Але Лаўрухін з’ехаў у краіну-агрэсарку, і я асуджаю гэта.
Такога ўвогуле не павінна быць, яму павінна быць закрытая дарога ва Украіну пажыццёва. Гэта ганебны ўчынак», — — кажа яна.
Паводле Захаравай, Лаўрухін аднойчы проста знік: «Мы пісалі, тэлефанавалі, але ён не адказваў. І пасля гэтага ён раптам апынуўся ў Беларусі».
Лаўрухін меў права з’ехаць з Украіны, бо яму больш за 60 гадоў.
«У нас няма законаў, каб утрымаць трэнераў. Мы не можам гэтага зрабіць. У нас не створаны ўмовы, у якіх было б камфортна працаваць трэнерам з годным заробкам. А калі ёсць трэнер, які хоча прыносіць вынікі, але сядзіць на зарплаце 20 тысяч [грыўняў] (каля 400 еўра — Рэд.), то прабачце. Калі яму прапанавалі 5 тысяч еўра, кім ён павінен быць?
Мы сутыкаемся цяпер з праблемай, калі хутка не будзе каму працаваць. Мы страчваем свой трэнерскі патэнцыял. Калі міністэрства будзе плаціць такую зарплату, то ніколі не ўтрымае трэнераў. Вось у чым праблема», — сказала Захарава.
Таксама сітуацыю пракаментаваў былы ўкраінскі гімнаст, а цяпер трэнер Ігар Радзівілаў. Доўгі час Лаўрухін быў яго трэнерам.
«Мы працавалі разам больш за 20 гадоў. Але апошнія паўгода не мелі ніякай сувязі, і пра гэта я даведаўся, толькі калі ён ужо пераехаў. Я сам быў шакаваны, бо не ведаў, якія ў яго думкі і планы. Ці былі званочкі? Ды не, мы на такія тэмы нават не размаўлялі, усё жыццё прапрацавалі на карысць краіны. У мяне нават думак не было пра такое. Не магу нічога сказаць. Гэта яго рашэнне. Для мяне гэта было нечаканасцю», — сказаў Радзівілаў.
Лаўрухін з’яўляецца заслужаным трэнерам Украіны. Ён найбольш вядомы менавіта працай з Радзівілавым — бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў 2012 года, шматразовым прызёрам чэмпіянатаў Еўропы і свету.