БЕЛ Ł РУС

Аргенцінец закахаўся ў беларуску і пераехаў на хутар пад Маладзечнам

15.03.2026 / 17:44

Nashaniva.com

Паўтара года таму аргенцінец Фрэдзі пераехаў у Беларусь. На той момант пра краіну ён ведаў дзве рэчы: беларусы абажаюць бульбу, але самае галоўнае — тут жыве Марына, у якую ён закахаўся падчас яе адпачынку, расказвае іх гісторыі «Смартпрэс».

Фота тут і далей: «Смартпрэс»

Марына мінчанка, калісьці прафесійна займалася лёгкай атлетыкай, а цяпер рыэлтарка. Фрэдзі шмат гадоў працаваў на плантацыях авакада ў Аргенціне і займаўся будаўніцтвам. Пазнаёміліся яны ў Іспаніі, у Алікантэ. Летам 2024 года Марына прыляцела туды ў адпачынак і знаёмы запрасіў яе на каву да свайго сябра Фрэдзі, які на той момант пераехаў жыць у Алікантэ.

Пара лётала на спатканні адно да аднаго: сустракаліся ў Мілане, у Пальме-дэ-Маёрка, на Сіцыліі. А праз тры месяцы пасля знаёмства Фрэдзі пераехаў жыць у Беларусь: дзецям Марыны трэба было ісці ў школу.

«Першы час Фрэдзі глядзеў горад, а потым я заўважыла, якімі сумнымі сталі яго вочы. Ён не можа сядзець без справы. Таму ўзялі машыну і паехалі шукаць вясковы дом», — кажа Марына.

Першую хату яны купілі ў Валожынскім раёне. Убачылі вялікі яблыневы сад вакол дома і ўлюбіліся ў месца.

У доме зрабілі прыгожы рамонт, а яшчэ завялі коней. Але суседзям гэта не вельмі спадабалася. Каб не сварыцца, не высвятляць адносіны, пара вырашыла прадаць дом.

Летам 2025 года Марына і Фрэдзі прыехалі на хутар Кукава Маладзечанскага раёна. Убачылі старую хату, лес, ручай — і тут жа прынялі рашэнне купіць дом. І нанова пачаўся рамонт, які ідзе дагэтуль. Цяпер тут вялікая гаспадарка: трусы, сабакі і тры кані — Капучына, Загадка і Міраж.

Калі Фрэдзі цалкам перабраўся на хутар, то Марына з дзецьмі жыве на два дамы. Яе дачка з сынам ходзяць у мінскую школу, таму вясковае жыццё пакуль не для іх.

Не так даўно аргенцінец купіў будынак старой школы. Фрэдзі хоча пабудаваць эка-атэль, аналагаў якому няма ў Беларусі: у ім будуць жыць і коні, і людзі. Турысты праз спецыяльныя шкляныя сцены змогуць назіраць за жыццём жывёл.

Але ёсць адзін нюанс, з-за якога Фрэдзі пакуль не бярэцца за свой праект.

«Падчас снегападаў і маразоў здарылася адна гісторыя. У доме застыла вада, скончылася ежа. Я дабрацца да хутара не змагла, таму Фрэдзі сеў у машыну і праз поле паехаў у краму ў суседнюю вёску. Якраз у гэты момант яго спынілі супрацоўнікі ДАІ. Муж не перавышаў хуткасць, не быў п'яны, але аказалася, што ён не можа ездзіць у Беларусі па сваіх аргенцінскіх правах.

Фрэдзі аштрафавалі, а даныя пайшлі ў міграцыйную службу. Нас выклікалі і сказалі, што Фрэдзі могуць выслаць з краіны, — распавядае Марына. — Цяпер мы знаходзімся ў падвешаным стане. Што рабіць далей?»

Пакуль аргенцінец чакае рашэння па сваім пытанні.

«Я хачу зрабіць гатэль, купіць кароў і ўкладаць свае грошы ў хутар, — адзначае ён. — Калі мяне вышлюць, забяру Марыну з дзецьмі, паедзем у Аргенціну».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула