БЕЛ Ł РУС

«Міс Беларусь» Марыя Васілевіч расказала, як і дзе нараджала і як цяпер аднаўляецца

16.03.2026 / 15:04

Nashaniva.com

Экс-дэпутатка і ўладальніца тытула «Міс Беларусь — 2018» Марыя Васілевіч, якая ў лютым 2026 года нарадзіла сына, адказала на пытанні падпісчыкаў пра свой новы этап жыцця. Маладая мама расказала пра роды, змены ў арганізме і барацьбу са страхамі.

Фота: mariazhlch / Instagram

Сын Марыі і яе мужа Аляксандра Жылача з'явіўся на свет у сёмым радзільным доме Мінска.

«Калі на восьмым-дзявятым месяцы я адчула, што пачынаю баяцца, перабудавала сябе са страху на цікавасць. І ў маёй галаве пасялілася думка: «Цікава, а як яно пройдзе?» — згадвае Марыя сваю барацьбу з трывогай.

Роды былі партнёрскімі, а вяла іх загадчыца аддзялення Ірына Замара. «Вельмі чулая, умее слухаць і неверагодна прафесійная», — піша Васілевіч.

Да таго ж, «муж быў заўсёды побач».

Марыя мела мадэльныя параметры — 53,5 кг пры росце 176 см. Нягледзячы на парады некаторых лекараў набраць вагу яшчэ да цяжарнасці, яна прытрымлівалася думкі: калі аналізы і самаадчуванне ў норме, значыць, гэта і ёсць рабочая вага. Падчас цяжарнасці яна набрала 8,5 кг.

«Я таксама на сваім шляху часта сустракала лекараў, якія настойвалі на тым, што я павінна набраць вагу. Але я для сябе зрабіла такую выснову:

«Дзяўчаткі, ніколі не параўноўвайце свае лічбы з іншымі. Сама займалася гэтым гадоў 8, ні да чаго добрага гэта не прыводзіць. Арганізмы настолькі ва ўсіх унікальныя, што няма ўніверсальных норм для ўсіх. Адзіны арыенцір — ваша самаадчуванне, энергія і здароўе (фізічнае і ментальнае)», — піша яна.

Фота: mariazhlch / Instagram

Да цяжарнасці Марыя актыўна займалася спортам — ёга, сілавыя, кардыё, пілатэс.

«У першым трыместры я марна спрабавала займацца акуратна дома, але праз 5‑10 хвілін я ўжо ляжала на канапе з дзікай задышкай і стомай, як пасля марафону. У 2— 3‑м трыместры былі заняткі ёгай і пілатэсам для цяжарных — тут мне больш пілатэс спадабаўся».

У выніку былі зарадка-расцяжка-ёга на 15 хвілін. Але кожную раніцу.

На здзіўленне самой Марыі, арганізм падчас выношвання дзіцяці «запрацаваў у поўную моц»: дэфіцыт вітамінаў, з якім яна змагалася раней, знік сам па сабе.

Але былі стома і адсутнасць апетыту ў першым трыместры. Са смакавых пераваг — не хацела чырвонага мяса ў першым трыместры, і была поўная адмова ад кавы ў першым і трэцім. «Крэйду не ела», — дадае Васілевіч.

Васілевіч кажа, што абышлася без сур'ёзных расцяжак пасля родаў дзякуючы генетыцы, бо карыстацца спецыяльнымі крэмамі часта ленавалася. Пасля родаў яна пакуль выкарыстоўвае толькі тэйпы на мышцах жывата і плануе вярнуцца ў спорт.

На пытанне «Як вам удалося вярнуцца ў форму?» адказала: «Я яшчэ не вярнулася))».

Марыя Васілевіч стала вядомая не толькі дзякуючы кароне прыгажосці, але і сваёй палітычнай кар'еры. У 22 гады яна стала самай маладой дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. У 2020 годзе яна публічна наведвала збітых пратэстоўцаў у бальніцы. Пасля заканчэння дэпутацкага тэрміну ў 2024 годзе яна змяніла сферу дзейнасці і стала вядучай дзіцячай перадачы «Калыханка». З найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі пасля 2020 года, як выглядае, яна выпала.

У 2025 годзе стала вядома, што яна пабралася шлюбам з Аляксандрам Жылачам. Гэта — былы футбаліст, ён гуляў у ФК «Узда». Працуе ён у сферы будоўлі. Раней СМІ пісалі пра Аляксандра як пра кіраўніка некаторых праектаў у РУП «Белбудцэнтр» у Піцеры.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула