БЕЛ Ł РУС

Пасярод іранскіх бамбёжак Дубая Кірыл Руды перабраўся з Эміратаў у ЗША: «Рады злучаць кантыненты! Не саромейцеся да мяне звяртацца»

16.03.2026 / 16:18

Nashaniva.com

Былы памочнік Лукашэнкі па эканоміцы праз год пасля жыцця ў ААЭ зноў мяняе месца жыхарства і перабіраецца ў Паўночную Караліну. 

Кірыл Руды

«Да пабачэння, Дубаі! Прывітанне, ЗША, — напісаў Кірыл Руды ў сваім Лінкедзіне. — Рады паведаміць пра свой наступны крок і пераезд у Шарлоту (Паўночная Караліна) — схаваны алмаз, банкаўскі цэнтр, уязная брама. Я буду рады ствараць [тут] бізнэс-магчымасці і злучаць людзей, дзяржавы і кантыненты. Не саромцеся звяртацца». 

З кантэксту вынікае, што Руды пераехаў у ЗША па рабоце.

Кампанія з беларускімі каранямі Andersen Lab, у якой працуе Руды, плануе пашыраць сваю прысутнасць на амерыканскім рынку і рэлакавала туды свайго каардынатара па працы з дзяржаўнымі органамі.

Да таго — прынамсі з вясны 2025‑га — Кірыл Руды жыў і працаваў на Andersen Labs у Дубаі, а таксама падпрацоўваў у дубайскім бізнэс-клубе EurAsiaGulf. 

Пасля сканчэння сваёй пасольскай кадэнцыі ў Кітаі ў студзені 2020‑га Кірыл Руды не атрымаў прызначэнняў унутры дзяржаўнага апарата. Спробы перазнайсці сябе ў банкаўскім сектары — ад ІСО-пляцоўкі Finstore да Банка развіцця — не мелі поспеху. 

Вельмі імаверна, што на момант уладкавання ў Andersen Labs у пачатку 2024‑га Кірыл Руды працяглы час быў беспрацоўным (калі не лічыць паўстаўкі ў БДЭУ). 

Для Рудага гэта не першы прыезд у Штаты — раней ён вучыўся на эканамічным факультэце ва ўніверсітэце Індыяны па праграме Фулбрайт. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула