Беларусам прапанавалі паспытаць мангастаны
У беларускія крамы завезлі экзатычную садавіну — мангастан. Яго заўважылі ў адным з супермаркетаў у Жлобіне. Цана, праўда, аказалася вельмі куслівай — каля 74,99 рубля за кілаграм, піша Tochka.by.
Фота: Art Rachen / Unsplash.com
Некаторыя пакупнікі прызналіся, што бачаць такое ўпершыню. У інтэрнэце людзі дзеляцца рознымі ўражаннямі: адныя кажуць, што смак ім не вельмі спадабаўся і гэта «грошы на вецер», іншыя параўноўваюць мангастан з лічы або адзначаюць, што яго часцей купляюць «для фота ў інстаграм» ці для смузі.
Мангастан — трапічная садавіна з Паўднёва-Усходняй Азіі, у Жлобін яго завезлі з Інданезіі. Ён мае цёмна-фіялетавую амаль чорную шчыльную лупіну, а ўнутры знаходзіцца белая сакавітая мякаць, падзеленая на долькі, падобныя да мандарына. Смак звычайна салодкі або салодка-кіслы.
Фрукт лічыцца карысным, бо змяшчае вітаміны і антыаксіданты. Яго ядуць свежым, дадаюць у салаты, дэсерты, сокі і кактэйлі.
Раней у адным з мінскіх супермаркетаў таксама з’явіўся яшчэ адзін экзатычны фрукт — пепіна, які яшчэ называюць «дыннай грушай». Ён каштуе каля 45,99 рубля за кілаграм і па смаку нагадвае сумесь дыні, грушы і трапічнай садавіны.