БЕЛ Ł РУС

Хакейнае «Дынама» рэзка падняло цэны на квіткі на плэй-оф КХЛ

17.03.2026 / 11:17

Nashaniva.com

Квіткі сталі даражэйшыя ўдвая-ўтрая ў параўнанні з мінулым годам.

Фота: ХК «Дынама»

Мінскаму «Дынама» засталося правесці яшчэ два матчы ў рэгулярным чэмпіянаце КХЛ (сёння і ў пятніцу). Квіток у плэй-оф быў атрыманы ўжо даўно, а апошнім часам стала вядома, што каманда дакладна пачне першы раўнд Кубка Гагарына на наступным тыдні на хатняй пляцоўцы, паведамляе тэлеграм-канал Fanzone.

Учора жаданыя квіткі паступілі ў продаж, сайт з білетамі імгненна «лёг», а балельшчыкі з вялікім інтарэсам пачалі вывучаць новыя цэны.

Білеты сталі значна даражэйшыя. Самыя танныя месцы год таму каштавалі 30 рублёў, зараз — 60, сярэдняя цэнавая катэгорыя 60—90, сёння — 120—200, а прэміум-білеты (сектар С на трыбуне A) увогуле падняліся з 210 да 600 рублёў. Пры гэтым цэны на 3—4 матчы, калі такія адбудуцца, будуць яшчэ вышэйшымі.

Прыкладны кошт усіх білетаў на два першыя матчы першага раўнда складзе каля 1,8 мільёна рублёў, а трэці і чацвёрты, патэнцыйна, могуць прынесці клубу больш за два мільёны рублёў кожны.

«Дынама» сапраўды праводзіць найлепшы сезон у сваёй гісторыі і ўжо гарантавана зойме месца не ніжэйшае за трэцяе ў Заходняй канферэнцыі, а форвард клуба Сэм Анас — найлепшы бамбардзір рэгулярнага чэмпіянату, на яго рахунку 89 балаў (30 шайбаў і 59 перадач), у найбліжэйшага канкурэнта — 73 балы.

Супернікам у плэй-оф можа стаць ніжагародскае «Тарпеда», маскоўскі «Спартак», або нават пецярбургскі СКА.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула