Google адключыў чат-бот з медыцынскімі парадамі
Кампанія Google спыніла працу сваёй новай функцыі пошуку «Што раяць людзі», якая выкарыстоўвала штучны інтэлект для таго, каб дзяліцца медыцынскімі парадамі ад звычайных людзей з усяго свету. Фактычна гэта была платформа, дзе карыстальнікі маглі бачыць досвед іншых людзей з падобнымі захворваннямі або станам здароўя, піша The Guardian.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Функцыя была прадстаўленая на мабільных прыладах у ЗША, а Google актыўна рэкламаваў яе як спосаб дапамогі карыстальнікам, каб хутка атрымаць інфармацыю пра практычныя падыходы да захворванняў — напрыклад, як людзі з артрытам займаюцца фізкультурай або адаптуюць свой штодзённы рэжым.
Раней на прэзентацыі ў Google расказвалі, што гэтая функцыя дапамагае «арганізаваць розныя меркаванні з інтэрнэт-абмеркаванняў у лёгкія для разумення тэмы», а таксама дае спасылкі на дадатковыя крыніцы, каб людзі маглі больш падрабязна вывучыць пытанне. Тады кампанія падкрэслівала, што, акрамя традыцыйнай медыцынскай інфармацыі ад спецыялістаў, карыстальнікам важна чуць і пра рэальны досвед іншых людзей.
Аднак пазней функцыя была кампаніяй ціха выдаленая. Google растлумачыў, што гэта зрабілі ў рамках «аптымізацыі старонкі вынікаў пошуку», і што рашэнне не звязана з якасцю або бяспекай самай функцыі. Пры гэтым кампанія па-ранейшаму падкрэслівае, што працягвае дапамагаць карыстальнікам знаходзіць надзейную медыцынскую інфармацыю, уключаючы форумы і персанальны досвед людзей.
Выдаленне функцыі «Што раяць людзі» адбылося на фоне ўзмацнення крытыкі ў адносінах да выкарыстання штучнага інтэлекту для медыцынскай інфармацыі. Так, у студзені журналісты The Guardian высветлілі, што ШІ-агляды Google маглі даваць няправільныя і нават небяспечныя рэкамендацыі, якія бачылі каля 2 мільярдаў чалавек у месяц. Google спачатку, праўда, сцвярджаў, што ШІ-агляды спасылаюцца на надзейныя крыніцы і рэкамендуюць звяртацца да экспертаў, але пасля ўсё ж выдаліў такія агляды па некаторых медыцынскіх запытах.
У найбліжэйшай будучыні Google, аднак, плануе працягваць выкарыстоўваць ШІ для паляпшэння доступу да інфармацыі пра здароўе і збіраецца прадставіць новыя даследаванні, тэхналогіі і партнёрствы, якія, на думку кампаніі, дапамогуць вырашаць важныя праблемы ў гэтай сферы.
Чытайце таксама:
«Чалавекам года» па версіі Time сталі адразу васьмёра «архітэктараў штучнага інтэлекту»
Штучны інтэлект будзе дапамагаць беларусам лячыць зубы
ChatGPT прадставіў новую мадэль GPT-5. Вось што ў ёй новага і што абяцаюць распрацоўшчыкі