БЕЛ Ł РУС

Украіна знішчыла амаль усе рэзервуары на адной з найбуйнейшых нафтабаз Краснадарскага краю

17.03.2026 / 20:12

Nashaniva.com

16 сакавіка Узброеныя сілы Украіны нанеслі ўдар па адной з буйнейшых нафтабаз Краснадарскага краю ў горадзе Лабінску. У выніку амаль цалкам былі знішчаныя рэзервуары базы, паведамляе The Moscow Times.

Паводле крыніц тэлеграм-канала Astra, згарэлі 18 з 20 рэзервуараў — дзевяць з бензінам, дзевяць з дызельным палівам, — а таксама сем аўтацыстэрнаў. Агульная плошча пажару склала каля 3 тысяч м². Паводле крыніц з экстранных службаў, ніхто не пацярпеў, але работа прадпрыемства зараз спынена.

На відэа пажару, апублікаваным украінскім тэлеграм-каналам Exilenova+, відаць вялікія языкі агню і клубы чорнага дыму. Кіраўнік Лабінскага раёна Уладзімір Забураеў адзначыў, што гарэнне працягваецца, але сітуацыя «стабільная». Расспажыўнагляд паведаміў пра нібыта адсутнасць перавышэння канцэнтрацыі шкодных рэчываў у паветры.

Нафтабаза належыць кампаніі «Югнафтапрадукт» і забяспечвае запасы паліва для Краснадарскага і Стаўрапальскага краёў, Растоўскай вобласці і Адыгеі. Яна змяшчае 9 тысяч кубаметраў паліва і пастаўляе бензіны АІ-80, АІ-92, АІ-95, дызель і алівы розных вытворцаў.

За апошні тыдзень украінскія беспілотнікі неаднаразова атакавалі энергетычныя і нафтавыя аб’екты ў гэтым рэгіёне. 12 і 15 сакавіка гарэлі нафтабазы каля Ціхарэцка, у тым ліку рэзервуары лінейнай вытворча-дыспетчасрскай станцыі (ЛВДС) «Ціхарэцкая» і прылеглы тэрмінал «Ціхарэцк-Нафта». ЛВДС «Ціхарэцкая» — стратэгічны вузел «Транснафты» на поўдні Расіі, праз які праходзіць транспартаванне нафты да портаў Наварасійск і Туапсэ.

Акрамя таго, «Газпрам» паведаміў пра атакі 10 і 11 сакавіка на кампрэсарныя станцыі «Руская», «Берагавая» і «Казачая», якія забяспечваюць пастаўкі па трубаправодах «Турэцкі паток» і «Блакітны паток». Усе яны таксама размешчаныя ў Краснадарскім краі.

Чытайце таксама:

УСУ нанеслі ўдар па нафтабазе ў Армавіры

Новарасійск атакаваны дронамі — у горадзе выбухі і палаючая нафтабаза. Раней ЗША прасілі Украіну туды не біць

У Пскоўскай вобласці гарыць нафтабаза — дроны прабілі ахоўную сетку

«Гэты ўдар цяжка пераацаніць». Чым унікальная атака «Фламінга» на завод у Воткінску

Каментары да артыкула